Франак Вячорка: для Белага дому Лукашэнка – меншае зло




Амерыканскія эксперты з некалькіх аналітычных цэнтраў наведалі Менск. У беларускай сталіцы госці сустрэліся з кіраўніком Беларусі, міністрам замежных справаў ды экспертамі, дыпламатамі і журналістамі. Спатканні былі закрытыя. Хто яны – амерыканскія госці Лукашэнкі – і навошта яны прыязджалі? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з журналістам беларускай рэдакцыі «Радыё Свабода» і віцэ-прэзідэнтам
Digital Communications Network Францішкам Вячоркам.

Ты даволі добра арыентуешся ў тым, што адбываецца ў Вашынгтоне ў аналітычных цэнтрах, ва ўрадавых кабінетах, як там бачаць Беларусь. Як ты думаеш, што абмяркоўвалі амерыканскія эксперты за зачыненымі дзвярыма з Лукашэнкам і міністрам Макеям?

Я ўпэўнены, што ў Вашынгтоне Беларусь не бачаць. І не бачаць ужо як мінімум гадоў восем. Пасля Плошчы-2010 гэтая тэма знікла з парадку дня.

Для цяперашняй эліты і ў Дзяржаўным дэпартаменце, у Белым доме і асноўных аналітычных цэнтрах Лукашэнка стаў меншым злом. Гэтак сама як Назарбаеў і Аліеў. Праблема – гэта Пуцін. І ўсе тыя, хто супраць Пуціна, вораг майго ворага – мой сябра.

На жаль, Беларусь акрамя некалькіх цэнтраў не ўздымаецца ў прынцыпе як суб’ект. І так як гавораць пра Менск, як пра перамоўную пляцоўку, так Лукашэнка зарабіў свае пункты на перамовах па Украіне, але каб уцягваць Беларусь, каб будаваць стратэгіі па ўцягванні Лукашэнкі ці будавання грамадзянскай супольнасці, такіх тэмаў проста няма. Беларусь выключаная з парадку дня. Яны не маюць высокіх патрэбаў наўпрост у фармаванні бюджэту і стратэгіі. Але паколькі яны адныя з некалькіх, хто Беларуссю займаецца, то яны зараз з’явіліся на нашым гарызонце.

Ці гэта азначае, што ЗША, маю на ўвазе ўрад, адміністрацыю Трампа, за тое, каб захаваць статус-кво Беларусі, захаваць рэжым Лукашэнкі?

ЗША не за захаванне статус-кво. Ім было б лепш, каб гэта быў не Лукашэнка, а надзейны, праеўрапейскі, прадэмакратычны палітык. Але яны такога не бачаць.

Яны не бачаць, асобы, сілы ці партыі, на якую б маглі паставіць. Таму для іх цяпер прасцей і танней не заўважаць Лукашэнку.

Вы памятаеце размовы пра дарожныя карты. Пасля 2010-га года была распрацаваная дарожная карта па ўцягванні рэжыму ў заходнюю арбіту, але для гэтага трэба было зрабіць рэформы, правесці дэмакратычныя выбары, зменшыць ціск на СМІ. Цяпер гэтая дарожная карта скарацілася да аднаго пункту: не будуйце новыя расейскія базы. І для Лукашэнкі гэта выдатны збег абставінаў. Яму дастаткова паабяцаць заходнікам, амерыканцам, што расейскай базы не будзе, і яны яму дадуць усё тое, пра што ён марыў усе 25 гадоў свайго кіравання. Уключэнне ў заходнія дыскусіі і танныя крэдыты.

Сярод удзельнікаў-экспертаў гэтай дэлегацыі былі эксперты Jamestown Foundation, гэта тая галоўная структура, якая развівае кантакты з афіцыйным Менскам. Але быў таксама генерал Бэн Годжэз, адзін з ключавых экспертаў аналізу еўрапейскай палітыкі. Ці амерыканскі былы вайсковы генерал так лёгка паверыць у гэтыя казкі, пра ролю Лукашэнкі, што ён можа заблакаваць расейскую базу і гд?

Я лічу, што добра, што Лукашэнка сустрэўся з Годжэзам, добра, што Годжэз прыехаў да Лукашэнкі, бо гэта наймацнейшы сігнал Расеі. Вядома, гэта не значыць, што Лукашэнка стаў празаходнім і праамерыканскім, але гэта добрая змена. Таму што гадоў 5-10 таму ўявіць такое было цяжка. Я не думаю, што Годжэз паверыць у абяцанні Макея.

Годжэз як і ўвесь амерыканскі генералітэт разумеюць, што Лукашэнка знаходзіцца на павадку ў Пуціна. Гэты павадок часам даўжэйшы, часам карацейшы, але эканамічная, культурніцкая, інфармацыйная залежнасць Беларусі несумненная.

Ніхто ў Вашынгтоне не мае нейкай ілюзіі, што Беларусь і Лукашэнка раптам стаў самастойны. Але яны спрабуюць гэты павадок як можна даўжэй трымаць доўгім. Чым далей Лукашэнка ад Пуціна, тым больш бяспечным пачуваецца Захад.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Стужка навінаў