ФПБ: у Менску сабраць дзіця ў школу ўдвая даражэй, чым у рэгіёнах


Базавыя тавары для школьнікаў да новага навучальнага года ў Менску істотна даражэйшыя, чым у іншых гарадах краіны. Пра гэта сведчаць звесткі маніторынгу, які правяла Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі.

Сабраць дзіця ў школу можа абысціся нават у 1000 рублёў

ФПБ аналізавала сярэднюю цану на базавы набор тавараў ад прадстаўленых на рынку вытворцаў: пінжак, камізэльку, касцюм-двойку і тройку, спартыўны касцюм, туфлі, кеды, красоўкі, кашулю і блузу з доўгім і кароткім рукавом, канцылярскія і пісьмовыя прылады для вучняў розных узроставых груп.

У выніку выявілася, што на дзяўчынку-старшакласніцу менскім бацькам прыйдзецца выдаткаваць каля 1192 рублёў, у той час як у Берасцейскай вобласці амаль такі жа камплект абыдзецца ў 774 рубля. На сына – вучня малодшых класаў менская сям’я выдаткуе каля 1064 рублёў, а віцебская – 553 рубля.

Новыя школьныя законы: ці дзеці будуць менш стамляцца?

Такія лічбы 21 жніўня старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда прывёў на пасяджэнні экспертнай рады адносна цэнаў і тарыфаў. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю паабяцала прааналізаваць гэтую праблему і праінфармаваць пра вынікі.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары