ФПБ: прадпрыемствы-банкруты не заплацілі працаўнікам Br 20 млн


Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапануе стварыць адмысловы фонд для выплаты заробкаў пры банкруцтве прадпрыемства. Пра гэта паведамляе сайт арганізацыі.

Старшыня ФПБ Міхаіл Орда адзначыў, што ўсё больш прадпрыемстваў-банкрутаў назапашваюць даўгі па заробках, і звычайна крыніцаў для пагашэння запазычанасці ў іх няма.

Гэтак, толькі тыя арганізацыі, ліквідаваныя ў 2019 годзе, засталіся вінныя працаўнікам каля Br 9 млн заробку і ўнёскаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Hавiны
Бабруйская «Белшына» стаіць. Працаўнікі прыбіраюць заводы
2020.02.17 13:12

«З улікам даўгоў за папярэднія гады гэтая сума складае каля Br 20 млн. І мы разумеем, што гэтыя сумленна заробленыя грошы людзі не атрымаюць, бо пры ліквідацыі прадпрыемства даўгі прызнаюцца згашанымі», – заявіў Орда.

Паводле яго, у Беларусі няма механізмаў, якія дазваляюць вярнуць ці кампенсаваць работнікам іх заробак, нават часткова. У выніку людзі пазбаўляюцца працы і заробку, губляюць частку свайго страхавога стажу і не могуць разлічваць на годную пенсію.

Старшыня ФПБ адзначыў, што ў шмат якіх краінах створаныя адмысловыя фонды для выплаты заробкаў працаўнікам прадпрыемстваў-банкрутаў. Арганізацыя прапануе ўвесці такія падыходы і ў Беларусі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў