Фотафакт. На Талбухіна ў Менску пачалі пілаваць дрэвы


У Менску ў двары па вуліцы Талбухіна, жыхары якога выступаюць супраць будаўніцтва бізнес-цэнтру, пачалі пілаваць дрэвы. Пра гэта Belsat.eu паведамілі мясцовыя жыхары.

Бізнес-цэнтр будуе фірма «Вецер», падкантрольная буйной дэвелаперскай кампаніі «Сігмаполюс» бізнесоўцы Віталя Сініцкага. Паводле праекту, гэта будзе бізнес-цэнтр класа А з паркінгам на 126 машынамесцаў. Супраць будаўніцтва ў 2018 годзе выступілі мясцовыя жыхары: яны выходзілі на пікеты, падавалі скаргі ў дзяржаўныя органы і звярталіся ў суд. На іх думку, бізнес-цэнтр і паркоўка размешчаны надта блізка да іх дамоў ды закранаюць ахоўную зону «Генеральскага дому».

У двары па вуліцы Талбухіна пілуюць дрэвы. Фота даслалі чытачы

18 студзеня стала вядома, што пракуратура сапраўды знайшла парушэнні ў праекце: адлегласць новай паркоўкі да суседняга будынку на Талбухіна, 3 не адпавядае нормам. Тут раней месціўся гатэль «Дружба», а цяпер там – інтэрнат. Паводле заканадаўства, гэта розны тып будынкаў (адміністратыўны і жылы адпаведна) і адлегласць ад новай паркоўкі мусіць быць рознай. Але забудоўнік пры зацверджанні праекту падаваў старое пасведчанне, паводле якога на Талбухіна знаходзіцца менавіта адміністратыўны будынак гатэлю.

У двары па вуліцы Талбухіна пілуюць дрэвы.
Фота: «Белсат»

Затым, як распавялі прадстаўніцам ініцыятыўнай групы на прыёме ў старшыні Менгарвыканкаму Анатоля Сівака, Камітэт архітэктуры і «Галоўдзяржбудэкспертыза» адклікалі свае заключэнні па праекце – ад 23 студзеня будоўля фактычна лічыцца самавольнай.

У двары па вуліцы Талбухіна пілуюць дрэвы.
Фота: «Белсат»

Чыноўнікі шукалі механізмы спынення будаўніцтва і, нарэшце, 4 сакавіка выдалі заключэнне пра безадкладнае спыненне працаў на аб’екце дзеля ўрэгулявання пытанняў аб карэктаванні праекту. Нягледзячы на гэта, будаўніцтва працягваецца.

Hавiны
Улады прызналі незаконнасць будаўніцтва ў цэнтры Менску, але забудоўніка гэта не спыняе
2019.03.05 11:14

МГ / belsat.eu

Стужка навінаў