Фота дня: У ДНР пачалі штампаваць «пашпарты»


Першы пашпарт самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» атрымаў яе кіраўнік Аляксандр Захарчанка.

«Сябры, гэты гістарычны дзень прыйшоў. «Данецкая народная рэспубліка» афіцыйна пачала выдаваць пашпарты ДНР нашым грамадзянам. Гэта чарговы, сурёзны і важны крок на шляху дзяржаўнага будаўніцтва, на шляху развіцця рэспублікі. І сёння я абвяшчаю аб пачатку выдачы пашпарта ДНР», – звярнуўся да прысутных падчас урачыстага атрымання «пашпарту» кіраўнік ДНР Аляксандр Захарчанка.

У бліжэйшыя дні дакументы пачнуць выдаваць іншым грамадзянам.

Паводле Захарчанкі, пры атрыманні «пашпарту» ДНР здаваць украінскі пашпарт не трэба.

«34 тыс. пашпартоў атрымаюць тыя, каму споўнілася 16 гадоў. Таксама будзем выдаваць іх людзям, якім споўнілася 25 і 45 гадоў. У бліжэйшыя паўтары месяцы пашпарт можна будзе атрымаць у любым аддзеле міграцыйнай службы», – адзначыў Захарчанка.

Паводле папярэдняй інфармацыі, «пашпарт» ДНР пакуль што прызнала толькі Паўднёвая Асеція. Незалежнасць апошняй акрамя Расеі прызнаная толькі некалькімі дзяржавамі ў свеце.

НМ, belsat.eu, паводле dan-news.info

Стужка навінаў