Фонд міжнароднай салідарнасці зрабіў заяву ў сувязі з паведамленнямі ў медыях аб фінансаванні парталу «Хартыя’97».
Паводле старшыні рады фонду Мацея Фальскоўскага, арганізацыя дагэтуль не прыняла рашэння аб фінансаванні парталу на сёлета. Згодна з заявай, фонд гатовы падтрымліваць партал далей і спрабуе дамовіцца з «Хартыяй’97» пра тое, як гэта можна зрабіць у межах польскага права і даступных сродкаў.
«Інфармацыя пра памер магчымага фінансавання «Хартыі’97» у 2019 годзе, распаўсюджаная спадарыняй Радзінай, не адпавядае рэчаіснасці», – гаворыцца ў заяве. – Канчатковы памер дапамогі залежыць ад тыпу праекту, магчымасцяў фонду і гатовасці супрацы з боку «Хартыі» прайсці працэдуры, агульныя для ўсіх партнёраў. Дыскусія, распачатая спадарыняй Радзінай, ёсць спробай аказання ціску на фонд у перамовах аб сёлетняй супрацы і будзе ўскладняць магчымасць пагаднення», – гаворыцца ў заяве.
Фонд адзначае, што дапамагае многім незалежным беларускім партнёрам і большасць з іх маюць розныя крыніцы фінансавання.
«Партал «Хартыяʼ97» за некалькі мінулых гадоў пазбавіўся падтрымання іншых донараў і не змог знайсці іншых вонкавых сродкаў. Нягледзячы на нежаданне іншых донараў падтрымліваць «Хартыю’97», фонд прапанаваў кіраўніцтву парталу дапамогу ў дыверсіфікацыі крыніцаў фінансавання ў гэтым годзе. Аднак «Хартыя» адкінула гэтую прапанову », – піша фонд.
На мінулым тыдні галоўная рэдактарка «Хартыіʼ97» Наталля Радзіна паведаміла, што Фонд міжнароднай салідарнасці скарачае сёлетняе падтрыманне старонкі ў пяць разоў.
«Тая сума, якую нам прапанавалі, яна толькі напалову пакрывае выдаткі на падаткі і сацыяльнае забеспячэнне супрацоўнікаў. На гэтыя грошы, вядома, сайт працаваць не зможа», – заявіла яна.
Радзіна лічыць гэта фактычным знішчэннем старонкі і саступкай польскага боку ў сувязі з візітам у Варшаву старшыні Савету Рэспублікі Міхаіла Мясніковіча.
Былы дырэктар варшаўскага фонду «Хартыя’97» Уладзімір Кобец заявіў, што Радзіна мусіла б дзякаваць Польшчы за дапамогу, а не рабіць скандал на роўным месцы.
«Бачна, што існае кіраўніцтва «Хартыі» не разумее існых законаў і правілаў, але яны не мяняліся апошнія некалькі гадоў. Таму няма самой падставы для скандалу і абвінавачанняў кагосьці ў змове».
Паводле Фалькоўскага, нягледзячы на неканструктыўную пазіцыю рэдакцыі «Хартыі», Фонд міжнароднай салідарнасці адкрыты для далейшага дыялогу з мэтай дамовіцца аб далейшым падтрыманні старонкі.
ДД