У першага намесніка мэра Масквы Наталлі Сяргунінай Фонд барацьбы з карупцыяй (ФБК) Аляксея Навальнага, выявіў нерухомасць на 6,5 мільярдаў рублёў (болей за 102 мільёны долараў ЗША).
Наталля Сяргуніна, згодна яе дэкларацыі – самы звычайны і даволі бедны чыноўнік мэрыі Масквы. Адзіная крыніца прыбыткаў намесніцы мэра – заробкі, а з нерухомасці яна за ўвесь час набыла толькі трохпакаёвую кватэру на Паўднёвым Захадзе Масквы.
Але насамрэч Фонд высветліў, што Сяргуніна зарабіла мільярды на продажы гарадской нерухомасці фірмам, падкантрольным яе сям’і. Цягам 2011-2018 гадоў яна прадала каля дзясятка дамоў у цэнтры Масквы кампаніям, бенефіцыярам якіх зʼяўляўся муж сястры Сяргунінай Лазар Сафаніеў. Кошты продажу элітных будынкаў ва ўсіх выпадках былі заніжаныя.
На месцы большасці будынкаў пабудаваныя гатэлі. А блізкія сваякі Сяргунінай у выніку зʼяўляюцца ўласнікамі элітнай нерухомасці ў Маскве і дарагіх аўтамабіляў. У сястры таксама ёсць два рэстараны, а ў яе мужа – маёнтак у Аўстрыі.
На сайце Навальнага адзначаецца, што ў кампетэнцыі Наталлі Сяргунінай знаходзіцца і правядзенне выбараў у Масгардуму. Адмова сталічнага Выбаркаму зарэгістраваць на выбарах незалежных кандыдатаў прывяла да хвалі пратэстаў у Маскве. А Аляксей Навальны цяпер адбывае чарговыя 30 дзён арышту за заклікі да мітынгу.
СК belsat.eu