Фокусы ці магія? Ілюзіяністы раскрываюць карты


Арсэн Мелканян – беларускі армянін, зорка шоу «Україна мае талент». Ілля Кахановіч – самы малады ілюзіяніст на фэсце «Magic Show». Абодва распавялі belsat.eu пра самую таямнічую прафесію ў свеце.

«Magic Show» – адзіны падобны фестываль у Беларусі. Гэтую імпрэзу ладзяць у Горадні ў чавёрты раз. Спаборнічаць у майстэрстве магіі з’ехаліся артысты з Літвы, Латвіі, Расеі, Арменіі ды Украіны. Фінальны гала канцэрт распачынаў 16-гадовы фокуснік Ілля Кахановіч, а ў якасці «разынкі» праграму завяршыў самы вядомы ілюзіяніст Беларусі, удзельнік шоу «Україна мае талент» Арсэн Мелканян.

Жыццё на колах

Ілля Кахановіч паказвае фокус з левітацыяй

Ілля Кахановіч – самы малады ілюзіяніст на фестывалі. Фокусамі займаецца з 10-ці гадоў. З 6-ці выступае на сцэне. На выбар прафесіі паўплывала атмасфера ў цырку, у якім наўпрост вырас Ілля. Яго бацькі – уладальнікі і дырэктары цырк-шапіто «SIRIUS» у Беларусі.

«Жыву ў цырку. Усё жыццё на колах. Я спрабаваў сябе ў розных жанрах. Дрэсіроўшчыкам, жанглёрам, але быць фокуснікам мне падабалася больш за ўсё. Калі я ездзіў на канцэрты са сваймі бацькамі, мне было тады 3-4 гады, фокуснікі мяне заварожвалі. Я назіраў за імі з залы, з боку, за кулісамі, і мне было вельмі цікава, як яны гэта ўсё робяць. Для мяне гэта здавалася сапраўдным цудам, магіяй. І мне хацелася навучыцца рабіць так жа, як і яны. І зараз я хачу стаць сусветна вядомым ілюзіяністам. Каб у народзе казалі: Ілля Кахановіч? А-а-а! Дык гэта той фокуснік! Я яго там-та, там-та бачыў», – распавядае юны ілюзіяніст.

Свае фокусы для публікі ў большасці Ілля прыдумвае сам. Больш за ўсё захапляецца левітацыяй і тэлепартацыяй чалавека. Дагэтуль гэты трук лічыцца адным з самых складаных сярод ілюзіяністаў.

«Дзяўчына лягае на стол, узлятае. Я яе накрываю тканінай, яна падымаецца высока, тканіну здымаю і яна з’яўляецца ў зале. Усё вельмі проста. Магія і ніякага падману», – загадкава пасміхаючыся, расказвае пра свой выступ юнак.

Зараз Ілля Кахановіч вучыцца ў 11 класе. Настаўнікі ўжо прызвычаіліся да сталых пропускаў маладога артыста. Як распавядае Ілля, фокусы яму дапамагаюць як у школе, так і ў асабістым жыцці.

«Я шмат прапускаю школу, то тут без фокусаў ніяк. Напрыклад, на ўроку фізікі я проста парушыў адзін з законаў фізікі і паказаў настаўніку, як левітуюць звычайныя прадметы. І з дзяўчатамі фокусы дапамагаюць. Пазнаёміцца з дзяўчынай, арыгінальна даведацца нумар тэлефона. Да прыкладу магу ўгадаць нумар тэлефона. Бывалі і такія выпадкі».

На пытанне, што самае цяжкае ў працы фокусніка, Ілля адразу адказвае, што цярплівасць: «Рэпетыцыі займаюць ад 3-х да 5-ці гадзін удзень перад тым, як паказаць фокус публіцы. Патрэбны тыдні, месяцы, а часам і гады трэнаванняў. Таму без цярплівасці тут ніяк».

«Нельга не верыць у магію і яе тварыць»

Выступ Арсэна Мелканяна на IV Фестывалі “Magic Show”

Сям’я Арсэна Мелканяна пераехала ў Беларусь на пачатку 2000-х, уласна Арсэн нарадзіўся ў горадзе Арарат у Арменіі. Малады ілюзіяніст ужо некалькі разоў паспеў з гонарам прадставіць Беларусь на вядомым украінскім шоу «Україна мае талент», дзе шакаваў публіку выцягнутай з-пад скуры вяроўкай і фокусам з цвіказабіўнымі пісталетамі.

Фокусамі Арсэн Мелканян цікавіўся яшчэ ў дзяцінстве. Усё пачыналася з малых падручных сродкаў. Вучыўся ўсяму самастойна. Магчыма таму, яго фокусы прыцягваюць публіку сваёй неардынарнасцю.

«Сям’я была супраць. Для армянскай сям’і – гэта несурёзна. На пачатку для мяне гэта было больш як хобі. Мой бацька не бачыў у гэтым ніякай будучыні і нават не разглядаў, што маё зацікаўленне можа прыносіць грошы. Або, што мой занятак можа натхняць. І я займаўся паціху. Проста развіваўся ўвесь час у гэтым. Непадобны да іншых стыль з’віўся, таму што займаўся сам. Мае фокусы індывідуальныя», – тлумачыць Арсэн.

Першапачаткова пагадзіўшыся з бацькамі, Арсэн Мелканян паступіў у БДУ на аддзяленне Міжнародных адносінаў, аднак пасля 3-х гадоў вучобы кінуў універсітэт, каб займацца любімай справай.

«Павінен быў стаць дыпламатам, а стаў фокуснікам», – пасміхаецца хлопец.

Прафесійна ў якасці ілюзіяніста Арсэн Мелканян працуе ўжо цягам 10-ці гадоў. У працу сыходзіць з галавой. 27-гадоваму ілюзіяністу часу на асабістае жыццё амаль не застаецца. Мае сваё ўласнае шоу, якое падчас гастроляў паказвае публіцы. Ілюзія з птушкамі ўжо паспела стаць яго візітоўкай.

«Вельмі шмат маіх трукаў падымаюць шкалу страху, так бы мовіць. На «Украіна мае талент» я рабіў фокусы жорсткія, небяспечныя. Якія звычайнаму гледачу не пакажаш. Гэта ўсё пад акрэслены фармат. А ўвогуле я пачынаў з мікрамагіі. Гэта фокусы на выцягнутых руках. Са спадручнымі прыёмамі нейкімі. Лыжка, відэлец, вашая асадка – тое, што можна паказаць чалавеку на выцягнутай руцэ. Гэта не вялікія рэквізіты, а тое, што можна паказаць у любой абстаноўцы. Таксама займаюся ментальнай магіяй. Думкі чытаю», – распавядае пра сваю працу ілюзіяніст.

На мінулай агульнабеларускай прэміі «Выбар» Арсэн Мелканян атрымаў званне лепшага фокусніка года.

Арсэн, а Вы верыце ў магію?

– Нельга не верыць у магію і яе тварыць.

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў