Фінансаванне, персанал ці арганізацыя: дзе крыецца праблема беларускіх радзільняў?


Раз-пораз медыі публікуюць страшныя гісторыі пра беларускія радзільні. Гэта неад’емная частка сістэмы ці асобныя прыкрыя і трагічныя выпадкі? Што спараджае канфлікт паміж мамамі і медперсаналам?

На асаблівасці стану жанчыны падчас родаў у радзільні звяртае ўвагу кіраўніца школы рыхтавання да родаў «Першая ластаўка» Вікторыя Матвіенка:

«Ты трапляеш у зусім чужое для сябе месца, усе чужыя для цябе людзі, а ты пры гэтым ходзіш амаль голая, у цябе схваткі – больш уразлівай для жанчыны сітуацыі ў жыцці, як радзіны, пэўна, увогуле няма».

На жаль, у такой сітуацыі парадзіха можа зрабіцца ахвярай акушэрскага гвалту.

Як праяўляецца акушэрскі гвалт?

«Акушэрскі гвалт – гэта ўсё, што адбываецца супраць волі жанчыны або з празмерным уплывам у досведзе родаў», – тлумачыць кіраўніца сацыяльнага праекту «Радзіны» Вераніка Заўялава.

Яна дадае, што ў 2019 годзе ў ААН прэзентавалі даклад, дзе аналізаваліся праявы акушэрскага гвалту па ўсім свеце і парушэнне права інфармаванай згоды: калі доктар прымае нейкае рашэнне, не зважаючы на меркаванне жанчыны. Вераніка Заўялава адзначае, што на гэта не звяртаюць увагі, калі роды прайшлі добра, бо ўзровень спадзяванняў ды інфармаванасці вельмі нізкі і вядзе да логікі: скончылася добра – значыць і было ўсё добра.

Ангеліка Мілеўская, беларуска, якая нараджала ў Вільні, заўважае, што нават дрэнны стан пасля родаў можа не выклікаць непрыняцця ў парадзіхі:

«Яны не маюць з чым параўноўваць. Яны лічаць, што гэткае стаўленне – гэта норма. Яны не ведаюць, як можа быць насамрэч. Мне сяброўка кажа: «Я пасля родаў тры месяцы не магла ўстаць з ложка: я мусіла ляжаць, бо мне дрэнна зашылі. Але наагул родамі я задаволеная». Я адказваю: «Дык чым жа ты задаволеная? Ты задаволеная гэтым сваім станам?»

Аб’ектыў
Лукашэнка агучыў планы адносна медыкаў
2019.12.13 22:13

Усёведныя дактары-гуру

І калі нізкая інфармаванасць жанчын – гэта адзін бок праблемы акушэрства, то праблемаю другога боку – дактароў – Вікторыя Матвіенка лічыць патэрналісцкі падыход:

«Я лічу, што ўся праблема палягае ў наступным: доўгі час існаваў патэрналісцкі падыход у медыцыне. Што гэта? Гэта калі ты прыходзіш, а доктар, такі: «Я ведаю, я гуру, я зараз табе ўсё параблю». А ты, як піражок, сядзіш: табе як сказалі, так ты падпарадкоўваешся. Гэткія вельмі дамінантныя стасункі».

Канфлікты мам і медперсаналу спараджае таксама і тое, што сучасныя маладыя жанчыны шмат падарожнічаюць, чытаюць і ведаюць, як можа быць, таму іхны ўзровень спадзяванняў значна вышэйшы.

На думку Вікторыі Матвіенкі, праблема патэрналісцкага падыходу выходзіць за межы медыцыны:

«Гэта ўвогуле праблема нашага грамадства. Тое пакаленне, старэйшае, ім здаецца, што [гэта. – Заўвага belsat.eu] нармальна – жыць і пакутаваць, і што калі неяк выпаўз на карачках, то гэта, у прынцыпе, няблага».

Іншы важны фактар, які не спрыяе ветлівасці і добразычлівасці медперсаналу, на думку доўлы, кіраўніцы абʼяднання падтрымкі сям’і «Нараджэнне» Настассі Навіцкай, – гэта перагружанасць:

«Разумееце, на другія содні доктару застацца ў працы! Калі я запытала, як так: «Як так? Нам жа трэба зарабіць на хлеб, на масла». А муж у яе анестэзіёлаг, ён трое содняў запар на працы».

Чалавечы фактар ці сістэмная хіба?

Наталля Міранчук, якая нараджала і ў Беларусі, і ў ЗША, а таму можа параўноўваць, мяркуе, што ў беларускай сістэме ўсё нармальна, а ў канфліктах паміж дактарамі ды парадзіхамі праблема ёсць з абодвух бакоў. Каб пазбегчы канфліктаў, яна раіць рыхтавацца, цікавіцца інфармацыяй (дапаможа, напрыклад, праект mamapro.by), заключыць дамову з радзільняю, доктарам, які мае прымаць роды.

Вікторыя Матвіенка прызнае наяўнасць сістэмнай хібы, у выніку якой некамфортна і доктару, і пацыенту. Яна звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі выдаткі на родавую дапамогу недастатковыя ў параўнанні з больш паспяховымі мадэлямі.

З чалавечым жа фактарам яна прапануе змагацца дысцыплінай і навучаннем этыцы, каб доктар памятаў, як важна быць эмпатычным.

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Фота: mgbsmp.by

Стужка навінаў