Фінальныя маршы і стомленасць сілавікоў. Як заканчваецца пераднавагодні 145-ы дзень пратэсту


31 снежня 2020 года стала ў Беларусі 145-м днём няспынных і штодзённых паслявыбарных пратэстаў. Людзі патрабуюць сыходу Аляксандра Лукашэнкі, спынення і расследавання гвалту з боку сілавікоў.

Па традыцыі ўвечары беларусы зноў выйшлі на дваровыя маршы з нацыянальнай сімволікай у чаканні навагодняга цуду – сыходу Лукашэнкі.

Між тым у цэнтры гарадоў выехалі сілавікі.

Агулам гэты год стаў цяжкім для міліцыянтаў. Пра гэта ў сваім навагоднім звароце заявіў кіраўнік МУС Іван Кубракоў.

Ён таксама прызнаў велізарную колькасць акцыяў пратэсту сёлета.

Людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, фатаграфуюцца, п’юць каву і спацыруюць. 31 снежня 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Але спыняць рэпрэсіі сілавікі пакуль не збіраюцца. У апошні дзень 2020 года выставілі абвінавачванні кіраўнікам «Прэс-клубу», якіх затрымалі 22 снежня. Юлію Слуцкую вінавацяць паводле часткі 2 артыкула 243 КК – ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры. Дырэктара Сяргея Альшэўскага вінавацяць у саўдзеле ў злачынстве. Таксама застаецца пад вартаю праграмны дырэктар «Прэс-клуба» Ала Шарко.

А кіраўніка Акадэміі «Прэс-клуба», грамадзяніна Расеі Сяргея Якупава 31 снежня вызвалілі з СІЗА і пад канвоем даставілі ў аэрапорт, каб дэпартаваць з тэрыторыі Беларусі.

Людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, фатаграфуюцца, п’юць каву і спацыруюць. 31 снежня 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Сам Аляксандр Лукашэнка таксама сыходзіць з улады пакуль не плануе. Апроч таго, ён паведаміў, што Усебеларускі сход ніякія канстытуцыйныя нормы мяняць не ўпаўнаважаны і не будзе.

«Мяне папракаюць, што я там хачу такім чынам улада сваю падоўжыць. Слухайце, глупства поўнае. Калі я захачу сваю ўладу падоўжыць, так у мяне ёсць усе магчымасці застацца. Што там ужо (кажуць. – заўв.), на Усебеларускім народным сходзе, я буду старшынёй. Той, хто баіцца, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе, павінен маліцца, каб я стаў нейкім там старшынёй гэтага сходу. Ніхто паўнамоцтвы шалёныя на Усебеларускі народны сход адпраўляць не будзе. Кіраўнік дзяржавы будзе – прэзідэнт. Гэта вы яго выбераце. Прэм’ер-міністр будзе, парламентарыі і іншыя», – заявіў ён.

Людзі сабраліся на Кастрычніцкай плошчы, фатаграфуюцца, п’юць каву і спацыруюць. 31 снежня 2020 году.
Фота: Агата Квяткоўская / Белсат

Між тым каманда экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Беларусі Віктара Бабарыкі, які з чэрвеня знаходзіцца за кратамі, апублікавала ягоны навагодні зварот.

У ім пахваліў беларусаў «незалежна ад узросту і свайго становішча, ад студэнтаў да неверагодна маладых і задорных пенсіянераў».

«Вы – сапраўдная каштоўнасць і сапраўдны твар Беларусі і беларусаў. Заставайцеся людзьмі, якія шукаюць святло дабра і любові, гатовымі змагацца за сваё шчасце, за будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў, за гонар і годнасць чалавека, за права «людзьмі звацца», – адзначыў Бабарыка.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў