Фільм «Урокі фарсі», які быў вылучаны ад Беларусі на «Оскар», дыскваліфікавалі


Прычына дыскваліфікацыі ў тым, што асноўны творчы ўнёсак у стварэнне стужкі ўнеслі не жыхары Беларусі, а замежнікі. Таму стужка не можа лічыцца беларускай і вылучацца на «Оскар» ад Беларусі. Пра гэта паведамляе Variety.com.

Фільм амерыкана-украінскага рэжысёра Вадзіма Перэльмана «Урокі фарсі» – гэта драма аб часах Галакосту, дзеянні адбываюцца на тэрыторыі акупаванай Францыі ў 1942 годзе. Паводле сюжэту бельгіец-габрэй Жыль спрабуе выратаваць сваё жыццё, выдаючы сябе за перса.

«Урокі фарсі» быў створаны пры падтрымцы «Беларусьфільма», большасць сцэнаў здымалі на тэрыторыі Беларусі. Аднак фільм быў спрадзюсіраваны расейскімі і нямецкімі кампаніямі, там іграюць замежныя акторы, якія размаўляюць у стужцы ў асноўным на нямецкай і французскай мове. Таму Акадэмія кінематаграфічных мастацтваў і навук палічыла, што стужка не можа прадстаўляць Беларусь.

У цітрах фільма ёсць імя аднаго з беларускіх палітвязняў – Уладзіслава Карэцкага. Ён працаваў у здымачнай групе. Карэцкі знаходзіцца за кратамі з 14 жніўня, яму выстаўлена абвінавачванне паводле ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя масавых закалотаў»).

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў