Фільм «Цэнтральны» ад Свабоднага тэатру даступны онлайн


Аўтары фільму не змаглі атрымаць пракатнае пасведчанне – і апублікавалі фільм у сеціве.

Чальцы тэатральнага калектыву Дар’я Андраянава і Мікалай Купрыч знялі фільм «Цэнтральны» яшчэ паўгода таму – падчас працы над аднайменным спектаклем.

Пасля заканчэння здымак тэатр зладзіў прэм’еру ў інтэрнэце і збіраўся выкласці стужку ў адкрыты доступ, але адзін з партнёраў тэатру прапанаваў зрабіць ягоны паказ у кінатэатры з наступнай грамадскай дыскусіяй. Для гэтага фільму неабходна было атрымаць пракатнае пасведчанне.

«Ідэя нам спадабалася, паколькі праз яе рэалізацыю можна было зразумець, наколькі «Свабодны тэатр» можа сёння быць свабодным у сваіх дзеяннях»,піша кіраўнік калектыву Мікалай Халезін.

Два месяцы таму тэатр адправіў копію фільма ўва Упраўленне па кінематаграфіі Міністэрства культуры. Адтуль фільм перанакіравалі непасрэдна да Ірыны Дрыгі, першага намесніка міністра культуры.

Перад чыноўніцай была сур’ёзная дылема: з аднаго боку, фільм быў зняты «Свабодным тэатрам», з другога – яго аператарам быў Купрыч, якога ў свой час узнагародзіў фонд кіраўніка дзяржавы па падтрыманні таленавітай моладзі.

У выніку Дрыга вярнула фільм ува Ўпраўленне па кінематаграфіі на разгляд ягонага старшыні Аляксандра Рыдвана.

«Таварыш Рыдван патрымаў некаторы час фільм у сябе, і высунуў шэраг канструктыўных прапановаў: памяняць назву фільма і выразаць некалькі сцэнаў, уключаючы тую, дзе згадваецца дырэктар універсама. Калі мы сказалі, што ніякіх зменаў уносіць не будзем, нам прапанавалі пачаць з пачатку ўсю працэдуру, паколькі ў рэгістрацыйным журнале няма ніякіх звестак пра тое, што Упраўленне прыняло наш фільм да разгляду. Гэта значыць, усе гэтыя людзі займаліся праблемай выдачы пракатнага дазволу проста так – з-за добрага да нас стаўлення», – піша Халезін.

Такім чынам, быў замераны «індэкс лібералізацыі», які тэатр будзе працягваць замяраць рэгулярна.

«Свабодны тэатр» быў заснаваны ў Менску ў 2005-м. З 2011-га года – у Лондане. У праекце задзейнічаныя некалькі дзесяткаў чалавек.

У выніку было вырашана выкласці дакументальны фільм у свабодны доступ – без зменаў і цэнзарскіх правак – як падарунак усім гледачам «Свабоднага тэатру» на 13-я ўгодкі калектыву.

ДД

Стужка навінаў