Фільм пра 30 год гісторыі «Басовішча»: шукайце ў кадры сябе і знаёмых


Каб змантаваць фільм пра культавы фестываль, рэжысёр Юры Каліна знайшоў відэазапісы за ўсе 30 год існавання «Басовішча».

Першыя некалькі гадоў арганізатары ўсё здымалі самі на касеты VHS. У сярэдзіне 1990-х паўстаў аддзел Польскага тэлебачання ў Беластоку, журналісты якога штогод ездзілі на «Басовішча». Пасля з’явіўся «Белсат».

«На апошнім фестывалі, якія адбыўся летась, я ўсіх запісваў ужо з думкай пра фільм. Агулам давялося адгледзець каля 120 гадзін сырога матэрыялу, з якога мы змантавалі 50-хвілінную стужку. Усе выказванні я занатоўваў. У выніку атрымалася цэлая кніжка такіх скрыптаў. Працаваць давялося так інтэнсіўна, што гэта нават адбілася на здароўі: не вытрымала вока, давялося ісці да акуліста», – распавядае Юры Каліна.

Запіс інтэрв’ю з Лявонам Вольскім. Злева – рэжысёр фільму «Басовішча» Юры Каліна. Фота прадстаўлена героем артыкула

Рэжысёр прызнаецца, што на першы фестываль не ездзіў, але адразу дадае: «Затое «Басовішча» прыехала да мяне». У гэты ж дзень, 15 ліпеня 1990 года ён браў шлюб. Пасля закрыцця арганізатары, якія былі ягонымі сябрамі, прыехалі на некалькіх аўтамабілях на вяселле. Яно адбывалася на Беласточчыне, у вёсцы Кашалі.

«Так што «do kotleta» (пол. – падчас святочнага банкету) у мяне граў Сяржук Сокалаў-Воюш», – з настальгіяй у голасе дадае наш суразмоўца.

Але як мінімум на 20 канцэртах Юры Каліна пабываў. Перш за ўсё, як журналіст, бо сам ён не вялікі аматар року, асабліва цяжкога. «Дзе не быў я, былі мае дзеці. Яны таксама мелі дачыненне да арганізацыі фестывалю, калі былі студэнтамі».

Плакат да фільму «Басовішча». Аўтар Міраслаў Здрайкоўскі

Пытанне, хто мае займацца арганізацыяй «Басовішча»: студэнты ці ўсё ж прафесіяналы, якія зробяць яго камерцыйным фестывалем, – усплывала рэгулярна. А як мяркуе аўтар фільму?

«Частка выканаўцаў той факт, што імпрэзу такога ўзроўню ладзілі студэнты, лічаць козырам, – гаворыць Юры Каліна. – Бо цяжка знайсці другі такі прыклад у свеце. Дзякуючы гэтаму і польскія студэнты далучаліся да беларускай культуры, ездзілі пасля ў Беларусь, дзе праходзілі адборачныя туры. Вядома, ёсць і другі бок, паколькі быў час, калі «Басовішча» збірала па 10 тысяч чалавек. Прыязджалі не толькі беларускія зоркі, але і моцныя польскія гурты. І арганізатары не заўсёды былі ў стане задаволіць выканаўцаў і тысячы іхных фанатаў. Карацей, няхай кожны сам адкажа сабе на гэтае пытанне».

Апошняе «Басовішча». Фота прадстаўлена героем артыкула

Падавалася, што гэты фестываль будзе заўсёды. На Беласточчыне нават з’явілася народная прыкмета: калі пачынаецца «Басовішча», значыць будзе дождж. «Але магчыма, тыя, каму цяпер 15–20 гадоў, прыдумаюць нешта іншае. Трэба спадзявацца. У фільме пра гэта выказваюцца розныя думкі», – падсумоўвае рэжысёр.

Глядзіце дакументальную стужку «Басовішча» (відэа ў пачатку артыкула). У ім вы знойдзеце не толькі архіўныя відэакадры, але і мноства фрагментаў цікавых інтэрв’ю з музыкамі, арганізатарамі, удзельнікамі ды мясцовымі жыхарамі.

Інга Астраўцова, belsat.eu, на вокладцы відэа – калаж з фота Wojciech Jakubiuk / Forum

Стужка навінаў