Фільм «Белсату» адкрые кінафестываль у Нямеччыне


Дакументальную стужку «Госці», знятую адмыслова для «Белсату» рэжысёрам Андрэем Куцілам, пакажуць на адкрыцці кінафестывалю «Provinziale» ў Эберсвальдэ (Eberswalde).

«Пасля прагляду 913 фільмаў з 70 краін праграмная камісія 13-га Кінафестывалю ў Эберсвальдэ канчаткова акрэсліла міжнародную конкурсную праграму. Мы рады паведаміць Вам, што Ваш фільм «Госці» быў абраны для ўдзелу ў конкурснай праграме дакументальных фільмаў 13-га Кінафестывалю ў Эберсвальдэ. Віншуем! Фільм «Госці» адкрые фестываль», – напісалі «Белсату» арганізатары.

Фестываль распачнецца 1-га кастрычніка. Пераможца ў катэгорыі «найлепшы дакументальны фільм» атрымае ўзнагароду памерам € 4 тыс.

Стужка «Госці» будуецца на ўважлівым і працяглым назіранні за жыццём унікальнага паселішча ў Беларусі – першага і, бадай, адзінага нефармальнага прытулку для бедных і знямоглых людзей.

Галоўны герой фільму Аляксей Шчадроў калісьці працаваў фельчарам у «Хуткай дапамозе». Па выкліках яму часта даводзілася забіраць на вуліцах бяздомных людзей, але праз некалькі кіламетраў брыгада зноў выкідала іх на вуліцу. Трапіўшы за краты, Аляксей сам аказаўся нікому не патрэбны. Турма перавярнула светапогляд былога фельчара. Яго ідэалам стала маці Тэрэза – увасабленне хрысціянскага ўзору трываласці, міласэрнасці ды любові да адрынутых. Па вызваленні Аляксей некалькі гадоў бадзяўся і жыў пры касцёлах.

Пасля ён пасяліўся ў вёсцы Аляксандраўка Шчучынскага раёну, дзе зарганізаваў незвычайны прытулак, стаў прымаць і даглядаць бедных, хворых, бяздомных людзей, дапамагаць ім аднавіць дакументы і вярнуцца да нармальнага ладу жыцця. Неўзабаве неабыякавыя беларусы пачалі дапамагаць прытулку ежай, адзеннем ды іншым. Але мясцовым уладам ініцыятыва Аляксея не спадабалася. З самага заснавання цягам некалькіх гадоў чыноўнікі прымушалі былога фельчара зачыніць прытулак. У пошуках ахвяраванняў і духоўнага падтрымання Аляксей выправіўся ў Італію…

Летась фільм «Госці» быў прызнаны найлепшым дакументальным фільмам у Нацыянальным конкурсе міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» у Менску.

Cez, МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў