Фігуранты «справы графіцістаў» прайгралі суд Следчаму камітэту


Суд Партызанскага раёну Менску адмовіў у задавальненні пазову фігурантам «справы графіцістаў» аб абароне гонару і годнасці. Пазоўнікі аспрэчвалі інфармацыю на сайце Следчага камітэту і патрабавалі абвяржэння.

У заяве СК адзначалася, што пры затрыманні ў маладзёнаў канфіскавалі траўматычны пісталет. Акрамя таго, да вынясення прысуду хлопцаў называлі хуліганамі. Сцвярджалася, што яны распаўсюджвалі экстрэмісцкія матэрыялы, якія змяшчаюць нацысцкую сімволіку. Гэтыя факты, на думку пазоўнікаў, не пацвярджаюцца матэрыяламі крымінальнай справы ў дачыненні да Вадзіма Жаромскага, Вячаслава Касінерава і Максіміліяна Пякарскага.

На папярэднім пасяджэнні прадстаўнікі СК заяўлялі, што навіна на сайце не адносіцца да канкрэтнай крымінальнай справы. 13 студзеня яны паведамілі, што інфармацыя падавалася зыходзячы з акалічнасцяў крымінальнай справы, але, паколькі персанальных дадзеных у тэксце няма, ідэнтыфікаваць фігурантаў немагчыма. Таму ў СК лічаць, што закон не парушалі, гонар і годнасць пазоўнікаў закранутыя не былі.

Адвакаты «графіцістаў» звярнулі ўвагу, што СМІ выкарыстоўвалі навіну СК, дапоўніўшы тэкст прозвішчамі фігурантаў. Аднак суддзя Андрэй Кочык адмовіўся прыняць да разгляду раздрукоўкі артыкулаў у прэсе.

«Жаромскі, як і іншыя істцы, не патрабуюць кампенсацыі маральнай шкоды. Яму не патрэбныя грошы і прабачэнні. Яму трэба, каб СК прызнаў сваю памылку і ў далейшым не падаваў інфармацыю ў такім кантэксце», – заявіла адвакат Таццяна Лішанкова.

Летась «графіцісты» намалявалі на сцяне закінутага будынку на плоце былой вайсковай часткі лозунгі «Беларусь мае быць беларускай» і «Рэвалюцыя свядомасці. Яна ўжо ідзе». Таксама ў Менску яны закідалі лямпачкамі з фарбай сацыяльныя білборды з выявай міліцыянтаў. Адвакаты даводзілі суду, што дзеянні «графіцістаў» трэба было кваліфікаваць, як дробнае хуліганства і разглядаць іх у адміністрацыйным судзе, а не крымінальным.

ДР belsat.eu паводле БелаПАН

Стужка навінаў