Фігуранта «справы Ціханоўскага» Вяргілія Ушака выпусцілі з СІЗА

Аб гэтым «Белсату» паведаміла ягоная нявеста Надзея Салодкая.

Вяргілій Ушак. Фота – VK.com

Аднаго з фігурантаў «справы Ціханоўскага» Вяргілія Ушака выпускаюць з СІЗА №1. Аб гэтым каля 20:00 «Белсату» паведаміла ягоная нявеста Надзея Салодкая.

«Я думаю толькі пра тое, як дапамагчы блізкаму чалавеку». Інтэрв’ю з нявестай аднаго з фігурантаў «справы Ціханоўскага»

Надзея даведалася, што Вяргілій выходзіць на волю сёння, 29 ліпеня, прыкладна а 16-ай гадзіне.

«Мне паведаміў адвакат, што яму змянілі меру стрымання на падпіску аб нявыездзе».

Сам Вяргілій звязвае сваё вызваленне са сканчэннем 2-х месячнага тэрміну затрымання.

Надзея Салодкая. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Мяне толькі зараз знайшлі жонка і мае дзяўчынкі. Пасля вызвалення я да людзей нават баяўся падысці. Спрабаваў патэлефанаваць, але няправільны нумар набраў», — так ён згадвае свой выхад з СІЗА.

Зараз Вяргілій і Надзея будуць далей насіць перадачы, дасылаць лісты затрыманым і падтрымліваць астатніх палітзняволеных.

«Гэта тое, што мы можам зрабіць для іх», – кажа дзяўчына.

Яна кажа, што падтрымлівае нявесту і матулю Змітра Фурманава, якія зараз галадаюць пад СІЗА №1. Яна прыходзіць і размаўляе з жанчынамі, «бо ім вельмі складана зараз».

Зараз яна кажа, што вельмі шчаслівая.

«Я так радая, аднак чакаю, пакуль гэта хутчэй усё скончыцца да канца. Ва ўсіх!», – спадзяецца Надзея.

Вяргілій Ушак быў аператарам на пікеце Сяргея Ціханоўскага ў Горадні 29 траўня. Ён здымаў штурханіну з міліцыянтамі на камеру. За кратамі абвясціў галадоўку. Паводле ягонай нявесты Надзеі, удзел у пікеце стала ягонай першай у жыцці грамадзянскай актыўнасцю.

Ён стаў чацвёртым фігурантам «справы Ціханоўскага», якога вызвалілі.

КТ belsat.eu

Hавiны