Фігаро тут, Фігаро там. Колькі словаў аб прэм’еры горватаўскай «Прэм’еры»


Другая кніжка беларускага пісьменніка Андрэя Горвата «Прэм’ера» выйшла накладам 1000 асобнікаў. Прычым так ціха з’явілася ў краме Купалаўскага тэатру, быццам заўсёды там і была.

Даведаліся пра яе журналісты ды чытачы, як і мінулым разам, праз Фэйсбук. Толькі не праз старонку Андрусіка Іванавіча, а дзякуючы таму, хто першы яе ў «Купалаўскім» знайшоў. Сам Горват ад каментароў адмаўляецца, старонку сваю на Фэйсбуку выдаліў. І ўвогуле невядома, дзе ён зараз і што робіць.

Фота: Святлана Рыжыкава

«Прэм’ера» пачынаецца з таго, што ў Менску ў тым жа Купалаўскім ставяць п’есу паводле кнігі «Радзіва Прудок». Усе персанажы – рэальныя акторы тэатру, як і сам спектакль, які летась пяшчотна паставіў Раман Падаляка. Але, у адрозненні ад рэальнасці, у кнізе прэм’ера спектаклю праходзіць не так гладка, а дакладней – ледзь не зрываецца. Раптам аказваецца, што галоўны персанаж знік. І замяніць яго прапаноўваюць самому аўтару. А персанаж, тым часам, купляе квіток у адзін канец і едзе шукаць ці то прыгоды, ці то самога сябе.

Далей тканіна рэальнасці (кніжнай рэальнасці) ірвецца, час і прастора перастаюць быць лінейнымі, і дзесьці на пятай ці дваццаць пятай старонцы ўсё пераўтвараецца ў калейдаскоп, у самалёт, што трапіў у турбулентнасць – каб пасля пяшчотна высадзіць нас на Марсавым полі, а пасля зрабіць выгляд, што быццам бы так і трэба.

Горват абраў цікавую, хоць і не новую, форму – у главах няма межаў, рамак, персанаж па імені Персанаж трансфармуецца ў Зайчыкаву, Зайчыкава – у актора Зуя, Зуй – у казу, каза – у французскі біятуалет, біятуалет – у Эйфелеву вежу. І няма гэтым метамарфозам канца ды краю.

Фота: Святлана Рыжыкава

Разам з тым, бачна, што герой пасталеў, што ён ужо больш чым рамантык, які паехаў разам з катом адбудоўваць дзедаву хату. Вось толькі адчуванне засталося, быццам аўтар хацеў капнуць глыбей, але ў апошні момант кінуў рыдлёўку і пайшоў у краму па хлеб, згубіўшы да капання глыбіняў усялякі інтарэс. Бо «Прэм’ера» у пэўных момантах выглядае як чарнавік мастака: некалькі штрыхоў тут, эскіз там. Тут – замалёўка з берлінскага бару, там – з гішпанскай вёскі, але ніводная лінія не даведзеная да канца. А можа так і трэба? А можа, нічога і не мусіць быць зразумела? Можа і так. Толькі калі ўсе кручкі недастаткова моцныя, то і чытача зачапіць імі цяжка – сарвецца. Аўтар гуляецца ў гульню, і не зразумела, каго ён спрабуе падмануць і заблытаць – ці чытача, ці ўсё ж сябе, з «кардоннай фігуркай Воляй», якой аўтар быццам бы стараецца не надаваць ніякай вагі ці значэння, але якая становіцца рухавіком значнай часткі вандровак і прыгодаў?

Гэта эстэцкая кніга, дынамічная, тут больш пачуццяў, чым у першай, у тым ліку і кахання (ого! Горват, аказваецца, і пра гэта). Яна захапляльная, але пры гэтым лёгкая. Яна не прымушае пакутаваць, не навязваецца, не стараецца спадабацца. Адначасова гэта і мінусы, і плюсы. Горват піша пра гледача, але гэты глядач яму, у прынцыпе, да лямпачкі, настолькі пісьменнік – «рэч у сабе».

Бачна, што аўтар куды глыбей, чым гэтая кніга. Толькі ўсё адно адчуваецца, што ў «Прэм’еры» вельмі шмат «Прудка». А так хацелася б, каб Прудок адпусціў персанажа, а персанаж – Прудок. Калі не ў рэальным жыцці, дык хаця б на старонках кнігі. Хочацца такога Горвата, якім ён зараз ёсць – з дасціпнымі жартамі, з ягонай мовай ды ўменнем распавесці складанае простымі словамі, зачапіць беларуса за сваё, жывое, беларускае – але ў іншых дэкарацыях, у іншым кантэксце, на іншую тэму. Каб не было Марусі Зайчыкавай, не было Цёткі – бо адчуванне, што ходзіш з імі па коле. А мо, каб і самога аўтара не было. Але калі той Горват слухаў простага чытача? На тое ён і Горват.

Аб’ектыў
Новую кнігу Горвата набываюць яшчэ лепш, чымся «Радзіва Прудок»
2018.12.24 22:03

НХ/belsat.eu

Стужка навінаў