Фестываль «Лістапад» адмянілі, а паказы ў кінатэатрах – не. Як мінкульт плюе ў культуру

Першы паказ кінафестывалю «Лістапад» павінен быў адбыцца сёння ў 13.30. Гэта быў бы румынскі фільм пра падлетка, які ў пачатку 1980-х, то-бок яшчэ пры Чаўшэску, стаў пісаць лозунгі на сценах свайго гораду з патрабаваннямі свабоды і дэмакратыі. Урэшце яго схапілі і дапыталі, і справу адправілі ў архіў тайнай паліцыі. Учора ў 18.48 у Telegram-канале беларускага міністэрства культуры з’явілася паведамленне аб тым, што «Лістапад» адменены, што стала сюрпрызам у тым ліку для дырэкцыі. Афіцыйная прычына – неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя ў краіне. COVID-19 выглядае толькі прыкрыццём.

Адкрыццё кінафестывалю ў 2019 годзе.
Фота: Арына Ушал/ афіцыйны сайт «Лістападу»

Не адмянялі ў нас ні «Славянскі базар», ні «Александрыя збірае сяброў». Госці на гэтых святах сядзелі шчыльнымі шэрагамі, міністр культуры расхаджваў без маскі, а Аляксандр Лукашэнка выступаў з прывітальным словам. Паводле мінкульту «Лістапад» з яго шахматнай рассадкай на гэтым фоне выглядае надзвычай небяспечным, да таго ж для дзяржавы не мае ніякай каштоўнасці – Лукашэнка не выступае на яго адкрыцці, а так званы спецыяльны прыз прэзідэнта «За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве» не ўручаецца з мінулага года.

Тым часам у праграме – фільмы пра таталітарызм, спецслужбы і барацьбу з сістэмай. Для структуры, якая з года ў год кантралявала змест «Лістапада», – сур’ёзны аргумент.

Гэта рытарычныя пытанні, чаму кінафестываль адмяняюць, а паказы ў кінатэатрах працягваюцца; чаму маштабнае рашэнне прымаецца раптоўна, за дзень да адкрыцця; і чаму міністэрская газета «Культура» на мінулым тыдні выйшла без матэрыялаў пра «Лістапад», хоць звычайна прымяркоўвала да падзеі спецвыпускі. Можа быць, ідэя адмяніць фестываль з’явілася не ўчора?

У нейкай ступені рэабілітаваць рашэнне магло б закрыццё кінатэатраў у бліжэйшы час – зрэшты, яшчэ з разбурэння Купалаўскага выглядае на тое, што мінкульту важней прадэманстраваць, хто тут гаспадар, чым добрае рэнамэ.

Самае паказальнае ў гэтай гісторыі – спосаб правярнуць справу, а дзейнічала тут не міністэрства культуры, а сапраўдная «прачечная» з вядомага анекдота.

Дырэкцыя пра адмену фэста даведалася таксам раптоўна, як і ўсе астатнія, – на пошту прыйшоў «мэйл», прыкладна ў той жа час, як з’явілася то самае паведамленне ў Telegram. Да першага паказу заставалася менш за суткі, ужо пачало працу міжнароднае журы.

Усё ж фестываль стварае не мінкульт – гэта не яго год працы, не яго высілкі, кампетэнцыі і дасягненні. Не яго заслуга – акрэдытацыя FIAPF, што ставіць «Лістапад» у адзін шэраг з самымі прэстыжнымі кінафорумамі свету. Не яго заслуга – праца на фэсце журы FIPRESCI, што ўручае прызы на Канскім і Берлінскім кінафестывалях. Не яго заслуга – уключэнне «Лістапада» у міжнародны кантэкст, з чым цяпер таксама прыйдзецца адказваць, праўда, рабіць гэта будзе не міністэрства, а дырэкцыя.

Мне агрызнуцца, што міністэрства дае грошы, а значыць, замаўляе музыку, і хутчэй за ўсё гэта будзе чыноўнік, які прызвычаіўся паводзіць сябе так, быццам дае грошы са сваёй кішэні і робіць вялікую ласку.

Але веданне гэтай логікі падказвае, што адмена фестывалю – хутчэй карная аперацыя, чым клопат пра здароўе гледачоў. Маўляў, няма чаго хадзіць на акцыі пратэсту (дырэктар «Лістапада» Анжаліка Крашэўская на адной з іх была затрымана), няма чаго паказваць «крамольнае» кіно, няма чаго адмаўляцца ад прыза прэзідэнта.

Адсюль жа і спосаб паведаміць дырэкцыі пра адмену: больш непаважлівы падыход было складана прыдумаць.

Наўмысна ўсё гэта зроблена ці не, выпадак у чарговы раз дэманструе, што мінкульт з’яўляецца вельмі ненадзейным партнёрам. Ці не занадта дарагія яго падачкі, калі трэба ўвесь час лічыцца з яго схаванымі матывамі? Калі ён можа, скажам, выдзеліць грошы на некалькі незалежных кінапраектаў і хутка перадумаць альбо адным махам адмяніць дваццаць сёмы па ліку міжнародны кінафестываль.

Але ладна ненадзейны, бо даўно зразумела, што калі ёсць магчымасць, з мінкультам лепш не звязвацца, – пасля разбурэння Купалаўскага, звальнення артыстаў з тэатраў па артыкулах, фактаў ціску на калектывы гэта яшчэ і партнёр з так сабе рэпутацыяй.

І тут пра сябе заяўляе трагічны фінал – пасля ўсіх гэтых мэсіджаў «мы тут рулім, а вы ніхто» з міністэрствам усё роўна трэба размаўляць. То-бок літаральна сціснуць зубы і ісці размаўляць. У гэтым выпадку – каб захаваць кінафестываль і правесці яго хаця б анлайн альбо перанесці на іншы тэрмін, у цэлым – таму што сетка тэатраў, музеяў і бібліятэк не можа ўзяць і хлопнуць перад мінкультам дзвярыма.

Сітуацыя склалася незайздросная: міністэрства культуры разбурае культуру, а ты мусіш латаць дзіркі пасля яго набегаў, і для гэтага зноў жа звяртацца ў міністэрства.

Але ж гэта заўсёды была здзелка з сумленнем – калі творчыя людзі хадзілі на прыёмы ў мінкульт са сваімі просьбамі і ідэямі альбо па тлумачэнні. Я схадзіла аднойчы і добра памятаю гэтае адчуванне двайнога дна: ты быццам у інстытуцыі, што займаецца культурай, але ў яе нейкая свая, гэбісцкая, атмасфера. Напэўна, мала хто з візіцёраў дайшоў да толку ў гэтых сценах – супасці ў жаданнях з міністэрствам, дык лепш не супадаць. Яно заўсёды было толькі часткай сістэмы і дзейнічала паводле яе нязграбнай логікі.

І яно ж заўсёды было той структурай, якая закрывае фестывалі і плюе ў твар. Проста, як і ўсё астатняе, мы вымушаны былі гэта не заўважаць. Усё хадзілі ў гэтыя кабінеты, рабілі супольныя праекты і чакалі нажа ў спіну. Часам уласна і атрымлівалі.

Я цяпер з замілаваннем успамінаю, на якіх сур’ёзных «шчах» мы абмяркоўвалі захады, якія б маглі развіць у краіне паўнавартасную індустрыю кіно. Усё гэта было наіўнае бла-бла: каб увасобіць усе тыя прагрэсіўныя штукі, нам трэба новае міністэрства культуры, а значыць, новая Беларусь.

З гэтымі пагарджаннем, знявагай і «хто тут гаспадар» мы на нейкі тэрмін, відаць, захраслі. Таму быў бы прыгожы дэмарш, калі б «Лістапад» узяў і самастойна правёў фестываль у фармаце анлайн – у рэшце рэшт, ён мае абавязкі перад гледачамі. Усё ж наступную эдыцыю, ёсць такая верагоднасць, ён будзе ствараць ужо ў іншых умовах і, напэўна, за больш надзейныя і бескарыслівыя грошы.

Ірэна Кацяловіч, «Белсат»

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў