Феномен «чарнобыльскіх дзяцей»


Вольга Бубіч «Больш, чым Я».
Фота: старонка Волi/facebook

Вольга Бубіч прэзентавала фотакнігу аб пакаленні новых беларусаў.

Вольгу Бубіч добра ведаюць аматары фатаграфіі. Яна шмат пра яе піша, чытае аўтарскі курс, дапамагае рабіць фестываль «Месяц фатаграфіі ў Менску». Цяпер яна самастойна зрабіла фотакнігу «Больш, чым Я», дзе распавядае гісторыю пра «дзяцей Чарнобыля», якія дзякуючы аздараўленчым паездкам у Еўропу знаёмяцца з велізарным i новым светам. Belsat.eu даведаўся, чаму «Больш, чым Я» тычацца кожнага беларуса.

– Вольга, «дзеці Чарнобыля» – гэта нейкая асабістая гісторыя?

– З 2000 года я працую валанцёрам дабрачыннага грамадскага аб’яднання «У будучыню – з надзеяй». У гэтыя гады ў Беларусі было шмат арганізацыяй, якія дапамагалі дзецям, пацярпелым ад выбуху на ЧАЭС, якія жывуць на забруджанай тэрыторыі. НДА мелі патрэбу ў валанцерах з веданнем італьянскай, а мы хацелі ўдасканальваць сваю мову. Але хутка мова адышла на другі бок. Калі едзеш у інтэрнат са сваімі ідэямі і думкамі – гэта ўжо не пра мову, гэта пра нешта іншае.

Ужо тады я зацікавілася фатаграфіяй. У нейкі момант з’явілася свядомасць, што ніхто і ніколі ў Беларусі не аналізаваў тое, што адбываецца з «чарнобыльскімі дзецьмі», калі яны са сваёй вёскі трапляюць у вялікі свет.

– І што адбывалася з дзецьмі?

– Хтосьці працягваў гаварыць па-расейску, хтосьці цэлы месяц са слязамі еў толькі кавун, таму што гэта быў адзіны знаёмы з Беларусі прадукт. Але з часам усе звыкліся і сталі казаць «а ў нас у Італіі», распавядалі сябрам і бацькам, што свет – вялікі, што ў макароны можна пакласці нешта чырвонае і будзе смачна, што суп можа быць і без бульбы…

Назву для кнігі Вользе дапамаглі знайсці фатографы Аксана Юшко і Артур Бондар. Яны былі куратарамі выставы, заснаванай на матэрыяле з праекту «Больш чым Я», які прадставілі ў рамах «Месяца фатаграфіі ў Менску» два гады таму.
Фота: Belsat.eu

«Больш, чым Я» – гэта зборны вобраз беларускага дзіця, якое сталее падчас падарожжаў. У кнізе няма акцэнту, што Еўропа – рай, а Беларусь – дрэнная. Гэта гісторыя пра свабоду, пра выхад з зоны камфорту ў вялікі свет, у якога шмат настрояў. Гэта цяпер можна на выходных сесці і паехаць у Літву ці Польшчу. А ў канцы 90-х і пачатку 2000-х любая паездка – новы космас. Трэба быць вельмі адважным, каб паехаць у чужую краіну без мовы, а потым зноў туды вярнуцца і зноў, пакінуўшы страх, хай з памылкамі, але размаўляць.

– Але тая ж Італія ўсё ж гучыць як рай.

– Італія – гэта не заўсёды шчасце. У кнізе ёсць вытрымкі з інтэрвʼю з ужо дарослымі і самастойнымі маладымі людзьмі. Хтосьці распавядае, што наагул не разумеў сэнсу паездак. Хтосьці расчараваны і лічыць, што лепш было не бачыць жыццё ў Італіі. Хтосьці ж з трапятаннем і дарослай іроніяй ацэньвае сваё юнацтва, успамінаючы як з мамай у валізку паклалі цукеркi і бутэльку гарэлкі.

Сямʼя Антоніа і Разарыi Агрэста прымае беларускіх дзяцей з сярэдзіны 90-х. Гэта малюнак Уладзіміра Кондрыкава з іх архіва. Адзіная інфармацыя, якую Вольга знайшла пра яго, гэта матэрыял у газеце «Чачэрскі веснік» з артукулам, што Уладзімір – заслужаны трактарыст.
Фота: Belsat.eu

У гэтым і ёсць феномен «чарнобыльскіх дзяцей». Яны – метафара чалавека, які атрымлівае вопыт больш, чым ён сам. Што з гэтым рабіць? На гэта няма рэцэпту. Хтосьці пасля 18-цi зʼехаў да італьянскіх бацькоў, цяпер працуе там і вядзе шчасліва Instagram. Хтосьці застаўся жыць тут з беларускім мужам, а Італія – месца для адпачынку.

Вольга Бубiч разам са сваiмi героямi.
Фота: старонка Волi/facebook

– Валанцёрам вы сталі ў 2000 годзе, кніга зʼявілася ў 2020-м. Архіў, напэўна, неабсяжны!

– Так, гэта і мае фота, і каля трох тысяч фатаграфіяй ад дзяцей, тэксты інтэрвʼю. Не хацелася паказваць толькі вясковае жыццё «чарнобыльцаў». Таму гэтая кніга ў тым ліку і пра семʼі з усяго свету, якія не засталіся абыякавымі, не пабаяліся прыняць чужога.

«У нейкі момант я зразумела, што «Больш, чым Я» – гэта ж у тым ліку і пра мапу! Мапа – гэта тое, як мы бачым свет зверху ўніз. А яшчэ мaпа – гэта метафара пошуку сваёй дарогі ў жыцці», – разважае Вольга.
Фота: Belsat.eu

Дадам, што кожны выезд – гэта не толькі велізарная «папяровая», але і асветніцкая праца. Толькі два чалавекі ў інтэрвʼю адзначылі, што да Італіі ведалі пра Чарнобыль. Для астатніх гэта былі звычайныя паездкі, для іх статус «чарнобылец» наўрад ці меў хоць нейкае значэнне.

– А да «мірнага атаму» як ставіцеся?

– Як абсалютна любы чалавек з крытычным мысленнем лічу, што трэба выкарыстоўваць альтэрнатыўныя і экалагічныя спосабы здабычы энергіі. У перадавых краінах ужо даўно працуюць ветракі, ёсць цэлыя палі і дамы з сонечнымі батарэямі. Гэта дарагая інвестыцыя, але з часам яна акупляецца.

«Я вельмі доўга пішу агляды на фотакнігі і ведаю, што такое матэрыяльнасць і інтэрактыўнасць фотакнігі. Таму хацела падкрэсліць асаблівасць сваёй: кожную мапу рыхтую ўручную», – кажа суразмоўца.
Фота: Belsat.eu

– А ваша інвестыцыя – гэта фотакніга? Яе наклад усяго 100 асобнікаў, вы друкавалі яе самастойна.

– Мару пра вялікі наклад, больш старонак і фотаздымкаў, выданні на розных мовах. Але сёння галоўнае, каб «чарнобыльскія дзеці» змаглі прааналізаваць тое, што з імі адбылося. У гэтай фотакнізе яны знойдуць свае гісторыі, пабачаць фотаздымкі, якія шмат каму вельмі блізкія.

Безумоўна, я паказваю «Больш, чым Я» у тым ліку крытыкам, журналістам, адпраўляю на конкурсы. Спадзяюся, што яна зацікавіць фотасупольнасць.

Вольга адзначае, што статыстыку па паездках падлічыць амаль немагчыма. Па прыкладных падліках каля 500 тысяч дзяцей прынялі ўдзел у аздараўленчых праграмах у Італіі, Нідэрландах, Амерыцы і Канадзе.
Фота: Belsat.eu

Але нават тым, хто не цікавіцца адмыслова фатаграфіяй: гэтая тэма таксама блізкая. У кагосьці ў Італіі быў сваяк ці сусед, хтосьці ездзіў сам. І такія гісторыі паўтараюцца ад размовы да размовы. Значыць, тэма «чарнобыльскіх дзяцей» закранула нашмат больш людзей, чым здавалася.

«Я заўсёды ведала, што чырвоныя чаравiкi будуць апошнiм здымкам у кнізе. Гэта сімвал вялікага свету, на якіх бачны маленькі пластыр – напамін, што ўсё з чагосьці пачынаецца», – кажа Вольга.
Фота: Belsat.eu

Часам я ўяўляю, што беларускі IT-бум – гэта цалкам рэальнае наступства тых зменаў, якія ў канцы 90-х пачатку 2000-х адбыліся ў галовах «чарнобыльскіх дзяцей» па ўсей краіне. Бо сучасная моладзь – актыўная, свядомая, якая развіваецца і штораз мае больш пытанняў.

ЮШ belsat.eu

Стужка навінаў