Фельчар з Ліды, якога плануюць звольніць: Спадзяюся, што людзі будуць больш казаць праўду


Павел Палейчык.
Фота: vk.com

Паведамленне пра тое, што кіраўніцтва лідскай больніцы не мае намер працягваць кантракт з Паўлам Палейчыкам, фельчарам медычнай установы, не стала для яго нечаканасцю. Павел разам з жонкай Юляй разглядалі такі варыянт развіцця падзеяў. Нечаканасцю для іх стала падтрыманне з боку незнаёмых людзей, распавяла «Белсату» жонка Паўла Юлія Палейчык.

Галоўны лекар лідскай больніцы Вадзім Трубчык на працягу двух працоўных дзён быў недасяжны. «Белсат» так і не змог распытаць кіраўніка ўстановы, чаму ён вырашыў не працягваць кантракт з фельчарам больніцы Паўлам Палейчыкам.

Фота: vk.com

Павел атрымаў паведамленне пра тое, што яго кантракт закончыцца 9 ліпеня і працягваць яго кіраўніцтва больніцы не мае намеру.

«Я асабіста размаўляў з галоўным лекарам, ён мне сказаў, што гэта не толькі яго рашэнне. Я не ведаю, ці адчувае ён нейкую віну, нейкія пакуты сумлення. Мы прайшліся па больніцы, паразмаўлялі коратка. Я цяпер турбуюся за сваю жонку, яна таксама лекар, каб не накінуліся на яе», – распавёў «Белсату» Павел Палейчык.

У сваю чаргу жонка Паўла Юлія Палейчык распавяла «Белсату», што яны думалі і раней, што можа быць такая сітуацыя з кантрактам, але спадзяваліся, што яго працягнуць.

«Я ў любым выпадку падтрымліваю свайго мужа і лічу, што ён усё правільна робіць. Усе і так абмяркоўваюць паміж сабою сітуацыю, а Павел агучвае гэта публічна. Ён за гэта паплаціўся, але я лічу, што ён малайчына», – кажа Юлія Палейчык.

Лекара падтрымалі тысячы беларусаў

Юлія распавядае, што падтрымалі Паўла і яго пазіцыю вельмі шмат людзей. На дабрачыннай пляцоўцы Molamola тысячы асобаў ахвяравалі 20 360 рублёў (па стане на раніцу 10 чэрвеня) на падтрыманне сям’і лекара.

«Лекары баяцца страціць працу і баяцца, што застануцца ні з чым. Але мой прыклад паказаў, што гэтыя страхі не маюць падставаў, таму спадзяюся, што людзі больш будуць казаць праўду, што знікне гэты страх. Я, напрыклад, учора проста ўразіўся ад таго, што людзі падтрымалі мяне. Гэта надзвычай прыемна, я кожнаму хачу сказаць вялікі дзякуй. Я пабачыў, што гэта неабходна і важна, таму вырашыў для сябе, што абавязкова падтрымаю ўсіх палітвязняў, усіх, каму патрэбная дапамога», – кажа Павел Палейчык.

Але кіраўніцтва больніцы зрабіла выгляд, што не заўважае гэтага падтрымання.

«Калегі таксама падтрымалі мяне, хаця і былі і тыя, хто не паставіў подпіс, але большасць выказалі салідарнасць. Але галоўны лекар нават не чытаў гэта. Ён сказаў, маўляў, навошта мне гэта», – кажа Павел.

Hавiны
Фельчара з Ліды асудзілі за сустрэчу з блогерам Ціханоўскім
2020.05.08 14:28

Лекараў не хапае, але фельчара звальняюць

На сайце лідскай больніцы асобна выдзелены раздзел вакансіі. Тут можна пабачыць, што не хапае лекараў, фельчараў. Але нават нягледзячы на гэта, кіраўніцтва ўстановы не працягвае кантракт.

«Не хапае кіроўцаў у нас, прыйдзе два аўтамабілі, чакаем. Выклікаў вельмі шмат, людзі чакаюць нават некалькі гадзінаў, Можа нешта раптам і памяняецца. Спадзяюся яшчэ на гэта. Я не разумею, навошта раскідваюцца так медыкамі, навошта звальняюць», – адзначае Павел Палейчык.

Лекар з Ліды кажа, што хоча застацца надалей у медыцыне і ратаваць жыцці людзей.

«Хацеў бы застацца ў медыцыне, спадзяюся, што атрымаецца. Магчыма, у прыватную ўстанову ўладкуюся, а можа ў вобласці, але не хочацца выязджаць далёка ад свайго дома. Пакуль шукаю ў Лідзе. Ужо паступалі прапановы па працаўладкаванні, але пакуль не буду казаць хто і дзе. Буду спрабаваць, думаю, што цягам месяцу знайду нешта. Хочацца застацца ў родным горадзе, у сваёй краіне. Але як будзе – не магу прадбачыць. Баюся, каб дзе не пасадзілі. Ёсць небяспека і нават такога», – распавядае Павел.

Выклікаў хуткай у Лідзе чакаюць нават гадзінамі

Павел Палейчык кажа, што сітуацыя з каронавірусам надалей складаная.

«Я заўважыў, што людзі сталі больш берагчы сябе, больш носяць маскі. Першы час таксама было шмат людзей, якія насілі маскі, потым стала меней, а вось цяпер ізноў вярнулася. Сёння бачу, што вельмі шмат людзей у масках. Гэта добра. Хаця я не ведаю, колькі цяпер інфікаваных каронавірусам у шпіталях. Але мы часта выязджаем на выклікі і забіраем людзей у шпіталі. Лекарам не распавядаюць пра колькасць інфікаваных, колькі ў шпіталях цяпер на лячэнні людзей. Мы возім людзей і з запаленнем лёгкіх», – адзначае лекар.

8 траўня ў Лідзе фельчара хуткай дапамогі Павел Палейчыка, які браў удзел сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім асудзілі на 7 содняў адміністрацыйнага арышту паводле арт.23.34 КаАП РБ («Парушэнне правядзення масавых мерапрыемстваў»). Павел не раз каментаваў сітуацыю з каронавірусам у Беларусі.

СК belsat.eu

Стужка навінаў