Фаварытка Лукашэнкі распавяла, чым будзе займацца ў парламенце


Марыя Васілевіч, якая з’яўляецца ўладальніцай тытула «Міс Беларусь – 2018», а цяпер стала дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, распавяла, што мае намер у парламенце заняцца законапраектам «Аб абыходжанні з жывёламі». Пра гэта дзяўчына распавяла агенцтву «Минск-Новости».

Аляксандр Лукашэнка танчыць з Марыяй Васілевіч. Фота president.gov.by

Адной з першых справаў, якой плануе заняцца Марыя Васілевіч у Палаце прадстаўнікоў, стане разгляд па просьбе жыхаркі Берасця факту жорсткага абыходжання з жывёламі. У самой Марыі Васілевіч няма хатняга гадаванца, аднак яна распавяла, што любіць жывёлаў. Дэпутатка распавяла, што мае намер заняцца распрацаваннем закону «Аб абыходжанні з жывёлінамі». Законапраект да гэтага часу на стадыі распрацавання. Яго рэдагуюць ужо 16 гадоў.

«Мне не зразумела, чаму так адбываецца, можа, парламентарыі лічаць, што гэта не важны закон», – выказала здагадку Марыя Васілевіч.

Што тычыцца ўзаемінаў у парламенце, то Марыя Васілевіч кажа, што дэпутаты ставяцца да яе з павагаю, яны ветлівыя.

Раней брытанскае выданне The Times выказала меркаванне, што прыгажуня мае рамантычныя адносіны з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Пазней дзяўчына аспрэчыла гэта.

Hавiны
Марыя Васілевіч абвінаваціла «вядомае сусветнае выданне» ў хлусні
2019.11.21 10:10

СК belsat.eu

Стужка навінаў