Фатографка з Беларусі выйшла ў фінал World Press Photo

35-гадовая жанчына зрабіла два аборты. Фота: Tatsiana Tkachova / World Press Photo

Беларуская фатографка Таццяна Ткачова стала адной з фіналістак міжнароднага фотаконкурсу World Press Photo.

Серыя партрэтаў аўтарства беларускі называецца «Паміж правам і сорамам» і прысвечаная тэме абортаў у Беларусі.

«Беларускія законы аб абортах дапускаюць перарыванне цяжарнасці паводле запыту да 12 тыдняў, а пры пэўных медычных або сацыяльных абставінах – да 28 тыдняў, што робіць іх аднымі з самых ліберальных у Еўропе. Тым не менш, аборт усё яшчэ з’яўляецца забароненым словам для шмат якіх жанчын, і шмат хота не хоча прызнаваць, што ў іх было перарыванне цяжарнасці. Кампаніі «Тыдні без абортаў» ладзяцца штогод, і рашэнне аб перарыванні цяжарнасці можа суправаджацца пачуццём сораму. У гэтым праекце беларускія жанчыны, якія разглядалі аборт, распавядаюць свае гісторыі. У жанчын быў цэлы шэраг праблем – ад забруджвання пасля Чарнобыльскай катастрофы да страху перад беднасцю, нежадання быць адзінокай маці ці сексуальнага гвалту. Іх рашэнні часта прымаліся з цяжкасцю, і ў гэтай гісторыі яны не хацелі паказваць свае твары, і іх імёны былі змененыя», – гаворыцца на сайце «World Press Photo».

46-гадовая жанчына мае чатырох дзяцей. Аборт яна зрабіла, калі першаму дзіцяці быў 1 год. Фота: Tatsiana Tkachova / World Press Photo

У каментары belsat.eu Таццяна Ткачова адзначыла, што вельмі радая трапіць у лік намінантаў.

«Падчас падрыхтоўкі было складана, бо гэта вельмі інтымная тэма. Каля года я шукала гераінь. Калі я зрабіла першы фотаздымак з праекту і апублікавала свой зварот у Facebook, што хачу знайсці гераінь, і яны самі мне ўсе напісалі. Я думала, што будзе больш складана працаваць з жанчынамі. Але ўсе яны з разуменнем паставіліся да таго, што я раблю, і вельмі мне дапамаглі. Таму я ім шчыра ўдзячная за гэта», – распавяла фатографка.

Таццяна Ткачова скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і Акадэмію дакументальнай фатаграфіі і фотажурналістыкі ў Санкт-Пецярбургу. Асноўная ўвага ў яе праектах надаецца жанчынам, асабліва тэмам гендарнага гвалту, канфліктаў і супраціву.

Таццяна Ткачова супрацоўнічае з беларускімі і замежнымі СМІ, у тым ліку з «Такие Дела», «The Guardian», «Der Spiegel Online», «Ostpol», «Lenta», «Звязда» і «Имена».

МГ belsat.eu

Hавiны