Фатографка Даша Бубен: Мару жыць у свеце, у якім нікому не будуць патрэбныя праекты пра гвалт


Сёння ў Менску адкрываецца выстава «Традыцыйныя каштоўнасці», прымеркаваная да міжнароднай кампаніі «16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту». У межах выставы плануюцца тры дыскусіі пра традыцыйныя каштоўнасці ды іх (не) уплыў на праблему хатняга гвалту. Выставу зарганізавала грамадскае аб’яднанне «Радзіслава», актывісткі якой стварылі Прытулак для жанчын і дзяцей, якія перажылі гвалт.

«Мэта гэтай выставы ды іншых публічных дзеяў, якія мы праводзім, – каб жанчыны, якія зазнаюць хатні гвалт, маглі сябе ідэнтыфікаваць пацярпелымі і зрабіць першы крок да развязання сваіх праблемаў», – адзначае адная з арганізатарак выставы, сябра кіравання «Радзіславы» Вольга Гарбунова.

Выставу назвалі «Традыцыйныя каштоўнасці», бо, прыкрываючыся такою фармулёўкай, улады паказваюць толькі зручны бок праблемы, гавораць пра плескачы ў выхаванні дзяцей і гэтак далей ды адцягваюць увагу ад рэальнай праблемы: кожная трэцяя жанчына ў Беларусі зазнае гвалт з боку блізкіх, цвердзіць Вольга Гарбунова.

Belsat.eu паразмаўляў з адною з удзельніц імпрэзы – Дашаю Бубен, аўтаркаю праекту «Ацалелая» («Выжившая»). Даша паказвае жанчын, якія зазналі гвалт і ўзялі кантроль над сваім жыццём.

Распавядзі, як і калі пачаўся праект «Ацалелая»?

Увесну 2017-га мне напісала мая знаёмая прадзюсарка Надзея Людчык. Яна запрапанавала зрабіць серыю тэрапеўтычных фотасесіяў для жанчын, якія перажылі гвалт. Вядома, я пагадзілася. Я мела досвед таксічных стасункаў і магу зразумець пачуццё безвыходнасці. Але не ўяўляю, што значыць зазнаваць фізічны гвалт. Я разумею глыбіню праблемы, і мне хочацца, каб гэтай праблемы не існавала. Надзея пазнаёміла мяне з Дарʼяй Царык, якая ёсць суаўтаркаю праекту.

Дарʼя Царык – аўтарка ўсіх тэкстаў і інтэрвʼю праекта «Ацалелая» («Выжившая»)

Што значыць «тэрапеўтычныя фотасесіі»?

Важны працэс. Першыя 15–30 хвілінаў гэта праца з пластыкаю цела, неабходна пераадолець першы момант страху. Мэтаю маіх фотасесіяў было паказаць тое, што ўсярэдзіне жанчыны. Прыняцце сябе, сваёй цялеснасці. Каб жанчыны ўбачылі сябе ў новым святле, мацней і больш упэўнена. Працэс быў складаны, шмат хто першы раз здымаўся ў студыі. Абсалютна ўсе казалі – я не фотагенічная, я дрэнна атрымліваюся. Людзям у Беларусі цяжка расслабіцца. Вядома, жанчынам, якія перажылі гвалт, расслабіцца яшчэ складаней. Жыццё ў такіх стасунах знішчае самаацэнку асобы.

Як на цябе асабіста паўплываў удзел у гэтым праекце?

Я не ведаю ўсіх гісторыяў. Але нават пра тыя, што мне вядома, не магу гаварыць, я пачынаю плакаць. Усе мае гераіні – сапраўды Гераіні. Часам у працэсе губляецца разуменне, чаму мы ўсе тут ёсць. Мы проста робім прыгожыя фотачкі і выдатна бавім час. Я была шакаваная, якія розныя да мяне прыходзілі жанчыны. Калі я пачала працаваць над праектам, мне адкрылася мая блізкая сяброўка, потым яшчэ адна блізкая сяброўка. Было страшна ўсвядоміць, што гэта так блізка. І як шмат гэтага асуджэння вакол, які маштаб праблемы, калі нават такія блізкія людзі не распавядалі мне пра перажытае.

Якія партрэты мы ўбачым на выставе «Традыцыйныя каштоўнасці»?

Фотасесіяў было шмат, 32 жанчыны і 17 дзяцей, далёка не ўсе пагадзілася на публічны паказ. На выставе будуць партрэты з апошняй фотасесіі. Яна адрозніваецца тым, што ўсе былі першапачаткова гатовыя да публічнасці. Змянілася форма прэзентацыі. А я па-іншаму ацаніла тое, што хачу данесці сваім праектам гледачу. Захавалася ключавое слова «ўпэўненасць», але да гэтага быў яшчэ пазітыўны вобраз, усмешкі, гэтым разам я не старалася паказаць Гераінь усмешлівымі.

Праект яшчэ не скончаны, мне хочацца адлюстраваць маштаб праблемы. Паказаць, як шмат гвалту і што мы пра гэта нічога не ведаем. Настолькі, што нават нашыя блізкія сяброўкі не заўсёды раскрываюцца з намі. Фотаздыманне – гэта фіксацыя, публічнае прызнанне, паваротны момант.

Выстава – гэта форма выказвання, паказаць іншым, што ёсць выйсце. І ёсць людзі, якія дапамогуць справіцца ў крызісных сітуацыях.

Як развіваецца гэты праект, і якія планы на будучыню?

Усе мае праекты праходзяць праз мае перажыванні. Я ўсвядоміла, што мяне цікавіць быццё жанчыны. Гэта асноўны матыў маёй творчасці. Магчыма, гэтыя здымкі ўвойдуць у больш глабальны праект пра жыццё кабеты. Калі казаць пра мары, я мару жыць у свеце, у якім нікому не будуць патрэбныя такія праекты пра гвалт.

Наведаць выставу «Традыцыйныя каштоўнасці» можна да 3 снежня.

ЛП, belsat.eu

Стужка навінаў