Фатограф, камсамолец, спартовец. Што кажа пра свае прафесіі і заняткі Лукашэнка?


Кіраўнік Беларусі 14 снежня на сустрэчы з журналістамі расейскіх СМІ ўзгадаў яшчэ пра адну сваю прафесію.

«Я ж былы фатограф», – заявіў беларускі прэзідэнт на сустрэчы з расейскімі журналістамі 14 снежня.

У сувязі з гэтай новай дэталлю яго біяграфіі мы вырашылі ўзгадаць, кім жа яшчэ быў прэзідэнт.

Хакеіст ці футбаліст

Усім нам вядома, што Аляксандр Лукашэнка з’яўляецца аматарам хакею. Доказ таму – шматлікія лядовыя палацы па ўсёй краіне і штогадовыя калядныя турніры на прызы прэзідэнта, якія зазвычай і выйграе каманда таго ж прэзідэнта. Але Лукашэнка пра хакей кажа так:

«Калі казаць аб маім спартыўным крэда, я зусім не хакеіст, а футбаліст, – заяўляў ён на сустрэчы з хакеістамі ў 2017 годзе. – Але так склаўся лёс, што атрымаў траўму калена, пасля чаго давялося займацца хакеем».

Камсамолец і «праваслаўны атэіст»

Важнай часткай жыцця Аляксандра Лукашэнкі зʼяўляецца камсамол. Ён дагэтуль захоўвае свой камсамольскі білет і прызнаецца, што камсамол згуляў вялікую ролю ў яго жыцці.

«Калі б не было камсамолу ў маім жыцці, я б не быў прэзідэнтам, – сказаў ён 29 кастрычніка 2018 году. – А калі б і быў прэзідэнтам, я б не быў у асобных пытаннях такім эфектыўным, таму што я гэта разумею (жыццёвыя пытанні) знізу».

Праўда, на сустрэчы з памежнікамі за некалькі месяцаў да гэтага Лукашэнка казаў пра іншае. Ён заявіў, што калі б не служба ў памежных войсках, ён, магчыма, не стаў бы прэзідэнтам.

Таксама прэзідэнт неаднойчы казаў, што зʼяўляецца «праваслаўным атэістам». Напрыклад, у 2015-м ён казаў, што ў гады маладосці, як лектар, праводзіў антырэлігійную агітацыю, спрачаўся «з папамі, з рэлігіяй».

«Сутыкнуўся і як гісторык, і як лектар з рэлігіяй», – казаў Лукашэнка.

Гісторык і эканаміст

Увогуле на гістарычныя тэмы кіраўнік дзяржавы шмат выступае ў публічнай сферы. З апошняга, ён сёлета адзначыў, што, як гісторык па адукацыі, звяртаўся да тэмы Беларускай Народнай Рэспублікі, вывучаў розныя меркаванні і прыйшоў да высновы, што ў Беларусі пакуль не разумеюць, што такое БНР і якую ролю яна адыграла. Магчыма, што ролю БНР не дастаткова патлумачылі народу зверху.

Часта ўвогуле яго гістарычныя экскурсы зводзяцца да курʼёзаў, калі мы даведваемся, што і Францішак Скарына быў у Санкт-Пецярбургу, хоць горад і ўзнік праз 150 гадоў пасля яго смерці.

Не варта забывацца і пра тое, што Аляксандр Лукашэнка «па адукацыі і паходжанні – эканаміст».

Hавiны
«Я б ніжэй за сваю годнасць палічыў». Лукашэнка заявіў, што не прасіў прабачэння ў Пуціна
2018.12.14 12:39

Палітык вышэй за Бога

Праўда, у жыцці і працы яму ўсё ж бліжэй іншае амплуа. Яскрава гэта праявілася ў жніўні перадвыбарчага 2010 года, калі ён сказаў былому прэмʼер-міністру Сяргею Сідорскаму:

«Вы голы эканаміст, а не палітык. Палітык тут я!».

Не цураўся Аляксандр Лукашэнка і мянушкі апошняга дыктатара Еўропы.

«Ну дыктатар, так дыктатар. У гэтым таксама ёсць вызначаны выйгрыш. Гэта апошні! Вы ўяўляеце? Апошні! Вось не прыехалі б вы сюды, дзе б вы яго яшчэ ў сваім жыцці сустрэлі і пагаварылі», – казаў ён расейскім журналістам яшчэ ў 2008 годзе на прэсавай канферэнцыі.

Адзіная ад чаго адмовіўся кіраўнік дзяржавы, дык гэта ад таго, каб быць Богам.

«Я ж не Бог!» – заявіў ён на нарадзе ў далёкім 2004 годзе.

І пачуў у адказ ад Канстанціна Сумара, на той момант кіраўніка Берасцейскай вобласці: «Вы трошкі вышэй!».

Hавiны
Чым Лукашэнка частаваў расейскіх журналістаў на прэс-канферэнцыі?
2018.12.14 13:14

МГ/Belsat.eu

Стужка навінаў