Фанатык публічнасці, злачынца ці карысны ідыёт? 13 гадоў «WikiLeaks» Джульяна Асанжа


11 красавіка Эквадор адмовіўся даваць прытулак заснавальніку «WikiLeaks» Джульяну Асанжу ў сваёй амбасадзе ў Лондане, дзе ён хаваўся з 2012 года. Брытанская паліцыя ў той жа дзень арыштавала Асанжа па запыце ЗША. Гэтая навіна адразу трапіла ў стужкі навінаў усіх інфармацыйных рэсурсаў свету. Чаму?

Хакер

Асанж мае аўстралійскае паходжанне і пачаў сваю кар’еру як хакер – у 1996 годзе яго ва ўзросце 25 год арыштавалі за хакерскую атаку на цэнтральны сервер кампаніі Nortel Networks. Тады ён прызнаў сябе вінаватым, але заплаціў штраф і застаўся на волі.

Асанжа выводзяць з амбасады Эквадора. Фота https://twitter.com/RussianEmbassyR

Магчыма, да хакерства яго цягнула прага да змагання за свабоду інфармацыі з аднаго боку, а з іншага – татальны недавер да любых дзяржаўных і карпаратыўных структур. Ужо ў 1999 годзе ён выказваў занепакоенасць тым, што Агенцтва нацыянальнай бяспекі ЗША атрымала патэнт на апрацоўку галасавых паведамленняў. Пазней ён пісаў: «Інтэрнэт, наш найвялікшы сродак вызвалення, пераўтварыўся ў самую небяспечную зброю таталітарызму».

WikiLeaks і дзяржаўная здрада

Ён заснаваў партал WikiLeaks у 2006 годзе. Мэтай парталу была публікацыя сакрэтных дзяржаўных дакументаў, навін і відэа, – аўдыё-дадзеных ад ананімных крыніц. У 2015 годзе колькасць апублікаваных матэрыялаў дасягнула 10 мільёнаў.

Сусветную вядомасць WikiLeaks і Асанжу прынеслі апублікаваныя пераважна ў 2010 годзе дадзеныя, якія перадаваў амерыканскі жаўнер Брэдлі Мэнінг. Мэнінг служыў аналітыкам разведкі, але парушыў сваю прысягу і зліваў на WikiLeaks сакрэтныя дакументы і відэа. Пры гэтым дадзеныя публікаваліся часам у такім выглядзе, што свядома ці несвядома перакручвалі рэчаіснасць, выклікаючы нянавісць да саслужыўцаў Мэнінга, якія ў той час ваявалі ў Іраку супраць баевікоў-ісламістаў.

Знакамітае відэа, якое зліў Мэнінг WikiLeaks. На відэа верталётчыкі ЗША расстрэльваюць з паветра групу баевікоў у Багдадзе, сярод якіх аказаліся два журналісты.

Акрамя таго публікацыя гігабайтаў дадзеных выведкі і мільёнаў дакументаў магла прыводзіць да выяўлення і смерці агентаў, якія перадавалі гэтыя дадзеныя. У выніку Мэнінга арыштавалі ў 2010 годзе, а ў 2013 годзе ён быў асуджаны да 35 год пакарання. Прэзідэнт Барак Абама ў 2017 годзе выпусціў яго з турмы, аднак у сакавіку 2019 года амерыканскі суддзя арыштаваў яго за адмову сведчыць супраць Асанжа.

ЗША супраць WikiLeaks

Яшчэ гадамі партал публікаваў пераважна амерыканскія сакрэтныя дакументы – пра вайну ў Афганістане, Іраку, дыпламатычнае ліставанне, дакументы пра тое, як амерыканскія спецслужбы сачылі за ўрадамі Францыі і Нямеччыны, у тым ліку праслухоўвалі тэлефон Ангелы Меркель, займаліся эканамічным шпіянажам.

У выніку аказалася, што галоўным ворагам WikiLeaks і Асанжа стала самая магутная дзяржава ў свеце. У тым жа 2010 годзе, калі ў інтэрнэт вываліліся сакрэтныя амерыканскія дакументы, пачаліся сурʼёзныя юрыдычныя праблемы не толькі ў Мэнінга, але і ў Асанжа, які тады жыў у Вялікай Брытаніі.

Выдачы Асанжа па падазрэнні ў згвалтаванні патрабавала Швецыя. Потым ягонай выдачы сталі патрабаваць ЗША за злачынную змову са здраднікам Мэнінгам. У 2012 годзе Асанж, які знаходзіўся ў Вялікай Брытаніі пад падпіскай аб нявыездзе, па не зусім зразумелай прычыне схаваўся ў амбасадзе Эквадора ў Лондане і папрасіў там палітычнага прытулку. Паліцыя палічыла гэта парушэннем умоваў падпіскі і паведаміла, што ў момант выхаду з амбасады Асанж будзе арыштаваны.

WikiLeaks і Расея

Ад пачатку сваёй працы ў 2006 годзе сайт паведамляў, што ягонымі галоўнымі мішэнямі будуць «рэпрэсіўныя рэжымы ў Кітаі, Расеі і Цэнтральнай Еўразіі». У 2010 годзе Асанж абяцаў апублікаваць дакументы, якія кампраметуюць сучасны маскоўскі рэжым. Аднак да гэтага па сутнасці так і не дайшло – ворагам WikiLeaks сталі перш за ўсё ЗША, іх армія, дыпламаты і спецслужбы.

Сам Асанж ужо пазней вёў сваю праграму на расейскім дзяржаўным тэлеканале «Russia Today», які адкрыта называюць прапагандысцкім рупарам Крамля. Сёння Міністэрства замежных спраў РФ назвала арышт Асанжа дзеяннем супраць чалавечай годнасці і пераследам журналіста.

Выступ Асанжа з балкона амбасады Эквадора ў Лондане ў 2012 годзе.
Фота: Snapperjack

Валіза без ручкі

Паступова Эквадор стаў шукаць спосабы пазбавіцца ад такога нязручнага госця ў сваёй амбасадзе. Новы прэзідэнт краіны, які быў абраны ў 2017 годзе, называў яго «каменем у боце», і міністр замежных спраў у 2018 годзе проста заявіў, што «у інтарэсах Эквадора і самога пана Асанжа закончыць перыяд ягонага палітычнага прытулку».

Брытанскі ўрад заявіў, што Асанжа не перададуць у ЗША, калі яму там будзе пагражаць смяротнае пакаранне.

Аляксандр Гелагаеў belsat.eu

Стужка навінаў