Фальварак Бракава: ад сядзібы з паўлінамі да дому-прывіду


Таццяна, апошняя жыхарка дому. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Унікальная драўляная сядзіба Гажкоўскіх у Свіслачы на Гарадзеншчыне паступова разбураецца: банальна гніе. Некалі квітнеючы фальварак, дзе ў 1930-х трымалі паўлінаў, пакрысе ператвараецца ў руіны. У невялічкім пакойчыку тут жыве толькі адна жанчына. Апошняя з жыхароў.

Колішні фальварак Бракава, вядомы яшчэ з 1793 году, сёння з’яўляецца часткай вёскі Свіслач Гарадзенскага раёну. Пад’ехаць наўпрост да будынку не атрымліваецца: на дарозе стаіць шлагбаум. Кажуць, што так мясцовая птушкафабрыка бароніцца ад птушынага грыпу, каб на колах чаго не завезлі.

Сядзіба Гажкоўскіх у Свіслачы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Даводзіцца ісці пешкі. Спачатку па асфальту да птушкафабрыкі, пасля – уздоўж плоту па раз’езджанай грунтоўцы. Паводле плану, гэта вуліца Лясная. Будынак сядзібы відаць здалёк, бо побач амаль няма дрэваў. Ён стаіць нібы на выспе сярод узаранага поля. У хуткім часе мы даведаемся, што сад, які атачаў сядзібны дом, зусім нядаўна выразалі ды ўзаралі зямлю, каб павялічыць пасяўныя плошчы.

Пачатак эксклюзіўнай экскурсіі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Нас сустракае прыязная жанчына ў камуфляжнай куртцы – Таццяна. Побач з ёй блытаецца пад нагамі шчанюк: яму яшчэ няма году, таму гаспадыня заве яго наўпрост «Малыш». Таццяна з Віцебшчыны, сюды пераехала ў 1980-я. Працуе на птушкафабрыцы. Зараз яна адзіная насельніца сядзібы-прывіду.

Сядзіба ў Бракаве. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Сына пана «нашы» у вайну застрэлілі»

З часоў Рэчы Паспалітай ваколіца Бракава належала роду Гажкоўскіх. Маёнтак складаўся з 68 дзесяцінаў ворнай зямлі і 11 дзесяцінаў пасвішча. Сам сядзібны дом паўстаў у канцы 1920-х. Яго збудаваў Уладзіслаў Гажкоўскі для сваёй сям’і. Цікава, што ў тыя часы будынак быў акружаны не толькі садам, але і гаспадарчымі пабудовамі, дзе, між іншым, трымалі… паўлінаў!

Большасць памяшканняў у сядзібным будынку – пустыя. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Тут некалі пан жыў, – распавядае Таццяна, – А як яго звалі… Не памятаю. Ведаю, што ў яго сын быў. Дык той сын у вайну людзей немцам «здаваў». Дык яго «нашы» і застрэлілі… Ад паноў тут ужо нічога не засталося, дзе там! Ад дому хутка нічога не застанецца. Пасля вайны, казалі, сем’яў восем тут жыло. Гэта зараз ужо няма нікога, апроч мяне. Летась старую жанчыну пахавалі адсюль – і ўсё!»

Сядзіба Гажкоўскіх у Свіслачы. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Даўно казалі, што знясуць…»

Таццяна робіць нам экскурсію па будынку. Кажа, што раней ён быў пакрыты металічнымі лістамі, але пасля перакрылі: шыферам. Ды перакрылі неяк няўдала, дах пачаў працякаць, а будынак – перманентна гніе.

Дом-прывід нібы на выспе сярод поля. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Я раней на другім паверсе жыла, зараз на першым, – працягвае гаспадыня, – Дык можна было ў дождж за вадой не хадзіць: падстаўляй вёдры пад столю і набірай… Неяк пару год таму мужчына прыязджаў, хацеў набыць. Але тады яшчэ чалавекі тры жыло. Яму сказалі, што мае забяспечыць іх жылой плошчай. І ўсё – знік».

Большасць памяшканняў у сядзібным будынку – пустыя. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

На пустым ужо другім паверсе Таццяна бачыць адчыненае вакно і па-гаспадарску спрабуе зачыніць. Мы таксама спрабуем – не даем рады. Рамы ўжо праселі. Па падлозе раскіданыя кавалкі мэблі, бітая кафля з печаў, парожнія бутэлькі ды шклянкі. З «панскага» усярэдзіне бадай нічога не засталося: хіба некаторыя дзверы між пакоямі.

Падымацца вышэй за другі паверх нам не раяць: усё гнілое, можна праваліцца. Затое скляпенні пад домам яшчэ спраўна функцыянуюць: бульбу ды слоікі з закруткамі захоўваць можна.

У дабротна зробленых скляпеннях яшчэ можна захоўваць бульбу ды закруткі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Даўно ўжо казалі, што знясуць, сад ужо парэзалі і загаралі, – паціскае плячыма Таццяна і тут жа прапаноўвае сваё архітэктурнае рашэнне, – На першым узроўні яшчэ дрэва добрае, а вышэй, бліжэй даху гніе. Можна было б тое, што вышэй знесці, а ніжэйшую частку пакінуць. Вунь, як у суседзяў акуратны дамок зрабіць».

Жылым у сядзібе застаўся адно невялічкі пакойчык. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Прыкладаў аднаўлення драўлянай архітэктуры амаль няма»

Паводле гісторыкаў архітэктуры, Бракаўская сядзіба – унікальная для нашага рэгіёну. Гэта незвычайны мікс папулярнага ў міжваеннай Польшчы Закапанскага стылю і мясцовых традыцыяў драўлянай архітэктуры.

Гісторык і краязнаўца Таццяна Касатая з Горадні кажа, што яшчэ ў 2015-м годзе разам з іншымі актывістамі ўдзельнічала ў падачы заяўкі ў Мінкульт на ўключэнне сядзібы ў спіс помнікаў гісторыі і культуры. Міністэрства адказала адмовай.

Яшчэ адзін насельнік дому-прывіду. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«З уключэннем у спісы помнікаў і аднаўленнем драўлянай спадчыны ў нас цяжэй за ўсё, – тлумачыць Касатая, – Пазітыўных прыкладаў амаль няма. Можа, у Гомлі адно гэтым больш паспяхова займаюцца… У Горадні нават толькі адзін пазітыўны прыклад – лямус на тэрыторыі рыма-каталіцкага Брыгіцкага кляштару. Ды і тое, зразумела з якіх прычынаў. Дзяржава ў тым аднаўленні прымала мінімальны ўдзел».

Hавiны
Унікальны лямус часу ВКЛ: дакрануцца можна, заходзіць – пакуль не
2019.03.15 10:47

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў