«Фактычна сваймі дзеяннямі NEXTA абразіў Рэспубліку Беларусь». Блогера пакаралі вялікім штрафам

Абноўлена

Суд Менскага раёну 12 лістапада вынес рашэнне адносна пазову кіраўніка Слонімшчыны Генадзя Хоміча супраць блогера NEXTA (Сцяпана Святлова). Інфармацыя, распаўсюджаная праз Тэлеграм-канал NEXTA, судом прызнаная неадпаведнай рэчаіснасці. Паводле суда NEXTA абавязаны размясціць копію рашэння суда ў Тэлеграм-канале. Таксама суд прыняў рашэнне спагнаць з блогера 3 тысячы рублёў маральнай кампенсацыі, аплату судовых выдаткаў 373 рублі.

Папярэдняе паседжанне адбылося 18 кастрычніка, а сёння суд разгледзеў справу паводле сутнасці.

Сцяпан Святлоў у судзе не з’явіўся, бо мяркуе, што ў Беларусі яму пагражае пераслед. Цяпер блогер у Польшчы. Суддзя Юрый Стараказнікаў пачаў разгляд без яго – афіцыйна паважнай прычыны адсутнасці адказчык суду не прадставіў.

На блогера NEXTA давят суд, военкомат и Следственный комитет

Старшыня Слонімскага райвыканкаму, як і мінулым разам, у судовай зале таксама не прысутнічаў. Ягоныя інтарэсы абараняюць адвакаты Марыя Колесава-Гудзіліна і Арцём Калоша. Раней яны сцвярджалі, што публікацыя ў тэлеграм-канале «NEXTA» нанесла Хомічу «маральныя пакуты».

Адвакаты Марыя Колесава-Гудзiлiна i Арцём Калоша. Фота belsat.eu

Ці быў Хоміч нападпітку?

Падставаю для пазову стала распаўсюджаная блогерам інфармацыя пра тое, што Генадзь Хоміч і ягоная жонка нібыта былі затрыманыя за кіраванне аўтамабілем нападпітку, праз што чыноўнік можа страціць сваю пасаду. Таксама блогер абвінаваціў Хоміча ў марнаванні бюджэтных сродкаў. Старшыня Слонімскага райвыканкаму, у сваю чаргу, гэтыя абвінавачванні зняпраўджвае і запэўнівае, што ні ён, ні ягоная жонка ніколі не кіравалі аўтамабілем у нецвярозым стане, і да марнавання грошай з бюджэту ён не датычны. Спачатку чыноўнік патрабаваў спагнаць са Святлова кампенсацыю памерам 50 тысяч рублёў, але потым знізіў суму ў пяць разоў – да 10 тысячаў плюс судовыя выдаткі (373 рублі).

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Генадзь Хоміч. Фота https://www.belarus.by

У якасці доказу нанесенай Хомічу шкоды адвакаты падалі суду раздрукоўкі скрыншотаў каментароў у сацсетках, якія пасля публікацыі NEXTA мелі выразна негатыўны характар. Акрамя таго, заявіла Колесава-Гудзіліна, госці Дня пісьменнасці, які прайшоў 2 верасня ў Слоніме, неаднаразова вусна пыталіся ў Хоміча, ці праўда тое, што было апублікавана.

«Немагчыма нават падлічыць колькасць такіх зваротаў. Горад невялікі, усе ўсё ведаюць, таму негатыўнае стаўленне да сябе спазналі і жонка, і дзеці Хоміча. У жыхароў гораду, а таксама ў гасцей Дня пісьменнасці праз публікацыю склалася адмоўнае ўражанне пра яго і ягоную сям’ю, Хомічу давялося апраўдвацца перад людзьмі. Мы лічым, што дадзены артыкул (пост «NEXTA». – Заўв. belsat.eu) відавочна зневажае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю пазоўніка», – сказала адвакатка.

Удзельніца акцыі 8 лістапада ў Менску трымае ў руках галаву папяровага NEXTA

Акрамя каналу «NEXTA», Генадзь Хоміч паскардзіўся на шэраг інтэрнэт-рэсурсаў, якія перадрукавалі звесткі: «Беларускі партызан», 21.by і «Вечаровы Бабруйск». Колесава-Гудзіліна распавяла, што ў судзе Маскоўскага раёну была складзеная міравая згода з уласнікам сайту 21.by, паводле якой апошні абавязаўся апублікаваць абвяржэнне. Артыкул пра чыноўніка быў выдалены з сайту. Замест яго з’явілася паведамленне: «Мы не валодаем звесткамі, што інфармацыя адпавядае рэчаіснасці… Прыносім свае прабачэнні Генадзю Баляслававічу і ягонай сям’і за дастаўленыя нязручнасці».

Падобнае абвяржэнне адвакаты Хоміча патрабуюць і ад Сцяпана Святлова ў канале «NEXTA». Паводле абаронцаў, Святлана Калінкіна, якая прадстаўляе партал «Беларускі партызан», прасіла ў блогера даслаць дакументы як пацверджанне інфармацыі пра затрыманне нецвярозага старшыні райвыканкаму, але Святлоў адмовіў ёй.

Блогер Сцяпан Святлоў. Фота belsat.eu

Адвакат Арцём Калоша пералічыў некаторыя фразы ў публікацыі «NEXTA», якія нібыта нанеслі шкоду Хомічу. Сярод іх – згадкі аб неабходнасці звальнення чыноўніка з пасады, абвінавачанні ў выкарыстанні ім службовай пасады, каб пазбегнуць адказнасці (уплыў на мясцовых праваахоўнікаў) і г. д. Акрамя таго, у публікацыі гаварылася, што частку грошай Хоміч ужо змарнаваў, «а дзе астатняе – цяпер высвятляюць тыя, хто мусіць высвятляць».

«У чытача гэта выклікае думку, што чалавек крадзе грошы. Аднак гэтыя звесткі цалкам не адпавядаюць рэчаіснасці і зневажаюць дзелавую рэпутацыю, бо ніякіх падобных дзеянняў органы не распачыналі», – сказаў Калоша.

На думку Колесавай-Гудзілінай, Хоміч «пацярпеў больш, чым звычайныя шараговыя грамадзяне, пра якіх піша «NEXTA».

«Фактычна сваймі дзеяннямі NEXTA у асобе майго даверніка абразіў Рэспубліку Беларусь», – дадала адвакатка.

За некалькі хвілінаў да агалошвання прысуду. Фота belsat.eu

Пасля разгляду пісьмовых матэрыялаў справы суд перайшоў да спрэчак. Паколькі адказчыка на паседжанні няма, выступіў толькі бок пазоўніка. Адвакаты падкрэслілі: ёсць дакументальнае пацверджанне таго, што Хоміч ніколі не прыцягваўся да адказнасці. Патрабаванне спагнаць з NEXTA 10 тысячаў рублёў яны назвалі правамерным і падтрымалі пазоў і ўсё раней сказанае ў судзе ў поўным аб’ёме.

«Маю доказы»

Паводле суду, распаўсюджаная інфармацыя была несапраўднаю, закранала гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю Хоміча. У адзіным дзяржаўным банку правапарушэнняў інфармацыі пра затрыманне ў нецвярозым стане няма, а адказчык не прадставіў доказаў супрацьлеглага.

«Вядома, я маю доказы. І ня толькі дакументальныя, але і стос ускосных. Сёння-заўтра выдам пост, дзе ўсё распішу падрабязна. Усе «маральныя пакуты» Хоміча смеху вартыя. Якая можа быць годнасць у чалавека, няздольнага прызнаць свае памылкі. Між тым, чаго яшчэ хацець ад кадраў Лукашэнкі», – сказаў Сцяпан Святлоў у каментары belsat.eu.

Не канец справы

18 лістапада адбудзецца разгляд пазову Хоміча да Святланы Калінкінай. Паводле слоў Марыі Колесавай-Гудзілінай, усе сродкі, атрыманыя ад адказчыкаў «будуць пералічаныя на рахунак слонімскай раённай больніцы». «Гэта асабістае жаданне Генадзя Балеслававіча», – сказала яна журналістам. На пытанне карэспандэнта belsat.eu, на аснове чаго вылічвалася сума пазову, адвакатка адзначыла, што «гэта ўнутраныя перакананні пазоўніка».

Сцяпан Святлоў, у сваю чаргу, заявіў, што не мае намеру абскарджваць рашэнне суду. «Я на яго наагул ніяк рэагаваць не буду», – дадаў блогер.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары