Ездзіў аўтам са сцягамі і песнямі – атрымаў пратакол


На гарадзенца склалі пратакол і забралі аўтамабіль.

Фота са старонкі Facebook Уладзіміра Родчанка

Чырвоны Volkswagen Tiguan з нацыянальнымі сцяжкамі і пратэстнымі песнямі ўжо не першы тыдзень бачаць на вуліцах гарадзенцы. Належыць ён супрацоўніку ІТ-сферы Уладзіміру Родчанку. Вечарам 14 ліпеня Уладзімір, як заўсёды, ездзіў па горадзе, але праз пару гадзін быў затрыманы экіпажам ДАІ.

Фота са старонкі Facebook Уладзіміра Родчанка

Інспектар ДАІ Уладзіслаў Календа забраў дакументы на аўтамабіль Уладзіміра і сказаў, што яго чакаюць у Ленінскім РАУСе Горадні, на просьбу патлумачыць навошта кіроўцу ехаць у РАУС, супрацоўнік ДАІ сказаў, што Уладзімір пра усё даведаецца на месцы.

Уладзімір Родчанка.
Фота: асабісты архіў героя

У РАУС Уладзімір паехаў на сваім аўтамабілі разам з супрацоўнікам ДАІ. Там міліцыянеры склалі на кіроўцу пратакол па арт. 23.34 КаАП РБ (Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Прычына – ездзіў на аўто з дзвюма бел-чырвона-белымі сцягамі. Дамоў жа кіроўца адправіўся пешшу.

«Аўта забралі як рэчавы доказ па адміністратыўнай справе. Упэўнены, што мае юрысты змогуць гэта вырашыць», – кажа Уладзімір.

Фота: Уладзімір Родчанка

15 ліпеня Уладзімір напісаў заяву на імя начальніка Ленінскага РАУСа, каб яму вярнулі яго Volkswagen Tiguan і асабістыя рэчы, якія забралі пад час затрымання.

На 19:30, як стала вядома Belsat.eu, Уладзіміру не аддалі аўто, ключы ад дому і пашпарт. Ягоная сям’я зараз за горадам. «Фактычна, недзе ночыць», – кажа Уладзімір. Хоць заяву на вяртанне рэчаў у міліцыі ён напісаў.

АК Belsat.eu

Стужка навінаў