ЕЗ хоча стварыць фонд для аднаўлення эканомікі ў 1,5 трлн еўра


Краіны Еўразвязу створаць фонд, які дазволіць еўрапейскай эканоміцы як мага хутчэй выйсці з рэцэсіі пасля пандэміі. Пра гэта іх кіраўнікі дамовіліся ў чацвер, паведамляе Deutsche Welle.

Еўракамісія да 6 траўня распрацуе канкрэтныя прапановы на гэты конт, увязаўшы іх са шматгадовым бюджэтам ЕЗ на перыяд з 2021 па 2027 гады. Пры гэтым канцлер ФРГ Ангела Мэркель па-ранейшаму адхіляе ідэю выпуску сумесных еўрапейскіх аблігацый для фінансавання новага фонду.

Старшыня Савету ЕЗ Шарль Мішэль паведаміў, што ўдзельнікі і кіраўніцтва Еўракамісіі адобрылі «сумесную дарожную карту па аднаўленні эканомікі», якая прадугледжвае беспрэцэдэнтныя інвестыцыі. Абмяркоўваецца сума ў памеры да 1,5 трлн еўра. Паводле Мэркель, дакладная сума яшчэ не вызначана.

Еўрапейскі Цэнтрабанк прагназуе скарачэнне аб’ёму ВУП у еўразоне ў бягучым годзе на 15% і засцерагае ад недастатковага рэагавання на эканамічныя наступствы каронавіруснага крызісу.

Міністры фінансаў краін ЕЗ яшчэ два тыдні таму узгаднілі пакет на суму ў 540 мільярдаў еўра для аказання дапамогі еўрапейскім краінам-даўжнікам, прадпрыемствам і працаўнікам. Удзельнікі саміту ЕЗ 23 красавіка канчаткова ўхвалілі гэты план. Па словах Шарля Мішэля, абяцаныя грошы стануць даступныя ўжо з 1 чэрвеня.

КА belsat.eu

Стужка навінаў