Эвалюцыя свядомасці ў гарадзенскіх дварах


«Лукашэнка ўсё ж зрабіў нешта добрае – аб’яднаў нас», – ганарацца гарадзенцы, робячы ўнёсак у агульную справу – змену ўлады пасля 26-гадовага тэрміну пры Лукашэнку. «Белсат» шукаў сляды пераменаў у гарадскіх дварах і слухаў размовы жыхароў.

«Прыемна праязджаць і разумець, што бел-чырвона-белыя стужачкі вісяць з учорашняга дня, прыпынкі не зафарбаваныя, слупы на месцы», – на экране тэлефону заміргала новае паведамленне з Telegram-чату аднаго з гарадзенскіх мікрараёнаў. Мясцовыя жыхары асцярожна цешацца таму, што на адной з вуліц некалькі дзён застаюцца некранутымі пафарбаваныя ў бел-чырвона-белыя колеры прыпынкі, і ўжо тыдзень на шматлікіх слупах уздымаюць настрой кіроўцам бел-чырвона-белыя сцяжкі і герб «Пагоня».

«Пагоня» на слупах мкр. Альшанка ў Горадні.
Фота: Саша Праўдзіна

Самаарганізацыя людзей з дапамогай чатаў, сустрэчы суседзяў і сумесная актыўнасць гарадскіх двароў сталі сапраўдным феноменам і пазітыўным вынікам цяперашніх пратэстаў. Гэты працэс вельмі не падабаецца ўладам: у найбольш актыўныя гарадзенскія двары прыязджае міліцыя, па вечарах там дзяжураць тыповыя пазнавальныя бусікі.

Патрыятычны дом на перасячэнні вул. Янкі Купалы і Кабяка. Фота з Тэлеграму

«Горадня, раён Пестрака, перадаем палымянае прывітанне ціхарам у бусе ў двары дому 44, якія сочаць за дваром, дзе ноччу з’яўляюцца сцягі. Няхай хлопцы не сумуюць і ведаюць, што іх бачаць», – прылятае новае паведамленне на тэлефон, паралельна разлятаючыся па шматлікіх чатах.

«Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго»

Чаму сустрэчы суседзяў і дваровыя актыўнасці так нервуюць улады? Разбіраемся.

Тое, што зараз адбываецца ў Беларусі, у тэорыі гульняў называецца ламаннем мадэляў. 26 гадоў у краіне была вядомая толькі адна мадэль: Лукашэнка метадычна пазбаўляўся ад апазіцыі і вынішчаў у галовах грамадзянаў любыя думкі аб дапушчальнасці пратэстаў і здольнасці грамадства ўплываць хоць на штосьці.

БЧБ-стужкі на плоце ў Горадні.
Фота: Саша Праўдзіна

Беларусы ў сваёй большасці не маюць навыкаў пратэсту. Нешматлікія апазіцыйныя лідары, якія маглі б павесці за сабой народ, знаходзяцца за кратамі ці за мяжой. Мінулы досвед паразаў і расчараванняў, гвалт з боку сілавікоў, ціск на актывістаў, затрыманні і пасадкі на содні, хваля рэпрэсіяў пасля выбараў – здавалася б, усё гэта не дае падстаў верыць у перамогу супраціву. Аднак, насуперак гэтым складаным умовам, пратэставы рух расце, прымаючы новыя формы: ужо больш за месяц людзі гуртуюцца, выходзяць на вуліцы сваіх гарадоў, ладзяць акцыі і дапамагаюць адзін аднаму.

Мадэль «мы нічога не можам змяніць і кожны сам за сябе» мяняецца на мадэль салідарнасці і ўзаемадапамогі – «адзін за ўсіх і ўсе за аднаго». Важную ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць Telegram-чаты.

БЧБ-шпацыр на мкр. Вішнявец у Горадні. Фота з Тэлеграму

Гарадзенскія чаты

Telegram-каналы сталі не толькі рупарамі пратэстаў у Беларусі, але і пляцоўкамі для самаарганізацыі людзей у мясцовых чатах. У Горадні такія Telegram-чаты маюць даволі дакладную структуру і ствараюцца для рашэння канкрэтных задач. Умоўна іх можна падзяліць на некалькі катэгорый: масавыя чаты для арганізацыі пратэстоўцаў з усёй краіны, чаты дапамогі (напрыклад, чаты аўтамабілістаў, якія гатовыя дапамагаць пратэстоўцам), жаночыя чаты – для каардынацыі гарадзенак і планавання іхных акцыяў, чаты стачкамаў – агульны па горадзе і асобныя па прадпрыемствах, і г.д.

Асобна вылучаюцца чаты раёнаў і вуліц, якія дапамагаюць гуртавацца і мабілізавацца жыхарам. Збор подпісаў за адкліканне дэпутатаў, прыдумванне і выбар сцяга раёну, арганізацыя штовечаровых збораў за гарбатаю і шарлоткай у сваім двары… – чаты працуюць у розных кропках гораду, а звужаная лакальнасць дазваляе гарадзенцам хутка рэагаваць на нейкія падзеі, бліжэй знаёміцца і давяраць адзін аднаму.

«Няхай лепей будзе Ціханоўская, якая смажыць катлеты, чым рэжым, які збівае і забівае людзей».

Вечар на мкр. Дзевятоўка ў Горадні. Фота з Тэлеграму

Як праходзяць дваровыя сустрэчы гарадзенцаў?

Мы наведаліся на адную з іх. У дворыку па вуліцы Агінскага людзі пачынаюць збірацца з наступленнем цемры. Хтосьці падыходзіць да альтанкі з сабакам, хтосьці прыходзіць усёй сям’ёй. На дом побач выведзеная праекцыя вялізнага бел-чырвона-белага сцяга. На стол расстаўляюцца тэрмасы з гарачаю гарбатай.

– Я нарабіў сёння бел-чырвона-белых налепак, разбірайце, – кладзе на стол стос невялікіх прамавугольнікаў мужчына гадоў 45.

– Клас, на машыну бахну, – кажа адзін з суседзяў, адлічваючы сабе некалькі штук.

Сёння тут адносна ціха, хоць за домам у суседнім двары дзяжурыць белы бусік з міліцыянтамі.

– У першыя вечары да нас прыязджалі ўчастковы і міліцыя, прасілі разысціся. Але чаму мы мусім разыходзіцца, калі гэта наш двор? – распавядае адзін з жыхароў.

За сталом пачынаюць абмяркоўваць апошнія навіны, паступова падыходзяць і далучаюцца новыя людзі.

– Да нас на працу прыязджаў прадстаўнік афіцыйнага прафсаюзу, угаворваў не выходзіць са складу. Маўляў, нельга выходзіць з арганізацыі па палітычным матывам. Мы – добра, але ў нас ёсць прэтэнзіі па тым, як «абараняюцца» нашыя працоўныя правы. Старшыня прафсаюзу збянтэжыўся: «Я не гатовы зараз адказаць на вашыя пытанні, мне трэба пазваніць і перагаварыць з начальствам». Паўтары гадзіны мы распавядалі яму ўсю праўду, і ён у канцы папрасіў разысціся па-добраму, – распавядае жыхарка двара Вольга.

БЧБ-пікнік на мкр. Дзевятоўка ў Горадні. Фота з Тэлеграму

– Да нас таксама прыязджалі. Старшыня прафсаюзу кажа, уявіце, як мы зганьбімся, калі выйдзем з арганізацыі, бо мы адзіныя, хто гэта хоча зрабіць. Я кажу – людзі ўсё бачаць і разумеюць, што адбываецца. Мы можа якраз пакажам прыклад іншым. Сама я выйшла з арганізацыі, таму што не згодна з тым, што прафсаюзы падтрымліваюць Лукашэнку. Міхаіл Орда вунь быў кіраўніком яго штабу, – кажа яшчэ адна суседка.

Праекцыя на адным з гарадзенскіх дамоў.
Фота: Саша Праўдзіна

Аднаго з прысутных выклікалі ў міліцыю для тлумачэнняў па ўдзелу ў акцыі пратэсту.

– У кабінет зойдзеце як сведка, а выйдзеце з крымінальнай справай як каардынатар пратэстаў, – рыхтуюць суседзі.

– У нас у доме ўсе «ябацькі», і што з гэтым рабіць, – сумна кажа жыхарка суседняга двара.

– Так, з нашага двара бел-чырвона-белыя сцяжкі толькі ў мяне ды ў цябе ў машыне, – пацвярджае яе сусед.

Гарадзенцы дзеляцца таксама гісторыямі затрыманняў 9-12 жніўня, і тым, чым яны скончыліся.

– Следчы мне кажа – ты не падобны на актывіста, але такі стромны, будзеш пэўна заявы на нас пісаць, калі цябе вызвалім. Я адказаў, што здыму пабоі і падам на іх у суд. Але не зрабіў гэтага, бо бачу, што бессэнсоўна – зараз пададзена шмат заяваў, але ні адной справы супраць сілавікоў не ўзбуджана. Я пасля вызвалення быў сіня-чорны ад слядоў дубінак, – распавядае мужчына за 45.

БЧБ-пікнік на вуліцы Паповіча ў Горадні. Фота з Тэлеграму

– Вы ўсё хлусіце, я бачыў па тэлевізары – вы ўсё намалявалі сіняй і чорнай фарбай. Так што не трэба, – жартуе адзін з суседзяў і расказвае сваю гісторыю:

– 10 жніўня дачка майго напарніка з сябрамі, трыма хлопцамі, ішлі па цэнтру гораду і трапілі пад дождж, схаваліся пад навес аднаго з кафэ. Тут ідуць АМАПаўцы, раптам пачалі разганяцца і падляцелі да іх. Адзін адразу збівае нагой стол, тактычнай пальчаткай дае ў сківіцу хлопцу, пачынае калашмаціць дубінкай. Крычалі «Перамен захацелася? Вось вам!». Па выніку – у хлопца пералом скроневай косці, страсенне мозгу, разрыў шчакі, зламаная сківіца. Пры прыёме ў шпіталі з такімі траўмамі доктар абавязаны паведаміць пра гэта ў міліцыю. Прыехаў следчы, склаў пратакол, дзяўчына напісала заяву пра збіццё АМАПам, следчы зафіксаваў пабоі. На наступны дзень гэты следчы прыязджае ў шпіталь і кажа хлопцу – званіце сваёй сяброўцы, якая пісала заяву, няхай забірае, інакш вам пагражае 5 гадоў – вы напалі на амапаўцаў, яны напісалі на вас заяву.

Тут раздаецца сігналізаванне міліцэйскай машыны. Усе адначасова замоўклі і прыслухоўваюцца.

– Гэта ў дзіцёнка цацка, – адазвалася жанчына, якая выйшла ў двор з маленькім хлопчыкам. Усе рассмяяліся.

– У нас улада мянтоў. Як вам гісторыя з дзяўчынай, якая сарвала маску з ціхара? 10 содняў і Br 400 штрафу за «псаванне маёмасці». За маску?!

– А як у Жодзіна амапавец «вырубіў» жанчыну? Самаабарона! – эмацыйна каментуюць навіны гарадзенцы.

Праз некаторы час людзі пачынаюць разыходзіцца. Ідзем у адзін бок з сямейнаю парай, Сяргеем і Вікторыяй.

– Мы збіраемся, каб абмеркаваць навіны, паразмаўляць. Важна, што мы знаёмімся паміж сабой, бо ў чаціках ты не ведаеш, з кім перапісваешся. А калі ў двары знаёмішся з чалавекам на жывую, то з’яўляецца давер, мы ведаем адзін аднаго і можам размаўляць больш адкрыта, рабіць штосьці разам. Раней мы жылі і не ведалі, хто жыве побач. Зараз усё інакш, – распавядае Вікторыя.

– Вам не страшна?

– Зараз усім страшна. Але таму важна трымацца адзін аднаго. Усе кажуць, маўляў, Лукашэнка ўсё ж зрабіў нешта добрае – аб’яднаў нас, – адказвае дзяўчына.

– На фоне ўсяго бязмежжа, якое адбываецца, часам хочацца з’ехаць, але чаму мы мусім з’язджаць, калі гэта наш дом? Трэба даціскаць сітуацыю. Калі Лукашэнка застанецца ва ўладзе, не ведаю, як тады тут жыць. Сілавікам развязалі рукі, яны адчулі смак крыві. А ўлада будзе помсціць за тое, што мы выступілі супраць. Няхай лепей будзе Ціханоўская, якая смажыць катлеты, чым рэжым, які збівае і забівае людзей, – кажа Сяргей.

Аб’яднаныя жыхары мкр. Дзевятоўка ў Горадні. Фота з Тэлеграму

Такія дваровыя сустрэчы адбываюцца ў розных раёнах Горадні – на Дзевятоўцы, вуліцы Паповіча і іншых. Гарадзенцы развешваюць у сваіх дварах белыя і чырвоныя стужкі, вывешваюць у вокнах бел-чырвона-белыя сцягі, ладзяць суботнікі і сімвалічныя акцыі. А чаты дапамагаюць убачыць, што тых, хто хоча перамен, сапраўды шмат.

Саша Праўдзіна Belsat.eu

Стужка навінаў