Эвалюцыя без рэвалюцыі. Віцэ-прэм’ер Турчын прывёў у прыклад Дэна Сяў Піна


Першы намеснік прэм’ер-міністра Аляксандр Турчын падчас свайго выступу на Кастрычніцкім эканамічным форуме заявіў пра магчымасць істотных пазітыўных зменаў у эканоміцы Беларусі без зменаў існуючай палітычнай сістэмы.

У якасці гістарычнага прыклада паспяховых эканамічных зменаў Турчын прывёў рэформы Дэна Сяў Піна ў Кітае. Паводле віцэ-прэм’ер гэта цудоўны ўзор таго, як можна дасягнуць выдатных эканамічных поспехаў «пры захаванні моцнай ўлады і без ломкі ўсёй сістэмы».

Дэн Сяў Пін – кіраўнік КНР з канца 1970-х па канец 1980-х. Правеў паспяховыя эканамічныя рэформы, стварыўшы ў краіне адкрытую рынкавую эканоміку пры захаванні аўтарытарнай ўлады камуністычнай партыі.

Доказам таго, што беларуская мадэль можа паспяхова развівацца, віцэ-прэм’ер лічыць так званы IT-дэкрэт Аляксандра Лукашэнкі. Турчын заявіў, што дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі» адразу даказаў сваю паспяховасць. Прыняццё гэтага дакументу прывяло да рэзкага росту экспарту Парку высокіх тэхналогіяў – на 40% за 6 месяцаў, а экспарт софта на душу насельніцтва ў Беларусі пераўзышоў аналагічны паказчык у Расеі і Індыі.

Выступ Аляксандра Турчына на КЭФ-2018. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Паводле Турчына, IT-сфера стала не толькі самай паспяховай галіной беларускай эканомікі, але і правобразам эканомікі будучыні.

«Поспехі IT-сферы даказалі, што ў Беларусі магчыма эвалюцыя без рэвалюцыі», – падкрэсліў ён.

Віцэ-прэм’ер адзначыў, што Беларусі не патрэбная «ломка асноваў», бо для бізнесу няма нічога лепшага за стабільнасць і прадказальнасць, і нічога горш навацыяў і імправізацыяў».

Турчын сцвярджае, што ўсё неабходнае для развіцця беларускай эканомікі ёсць у палітычнай праграме Аляксандра Лукашэнкі.

«Наш прэзідэнт мае рацыю: не патрэбна стратэгічных навацыяў, трэба рэалізоўваць ужо прынятыя рашэнні», – дадаў ён.

Віцэ-прэм’ер таксама паабяцаў шэраг рашэнняў, якія мусяць прынцыпова змяніць інвестыцыйны клімат у Беларусі. У прыватнасці разглядаецца пытанне аб скасаванні указа №488 аб ілжэпрадпрымальніцтве, а таксама дэкрыміналізацыя эканамічных злачынстваў.

«Нашае грамадства падышло да таго этапу развіцця, калі эканамічныя метады прымусу не менш эфектыўныя за сілавыя. Аднак канчатковае рашэнне будзе за кіраўніком дзяржавы», – распавёў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў