Еўразвяз заклікае ўлады Беларусі вызваліць усіх палітычных актывістаў


ЕЗ заклапочаны сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі і заклікае вызваліць палітычных актывістаў. Пра гэта ішла гаворка на пазачарговай каардынацыйнай сустрэчы 23 ліпеня паміж высокапастаўленымі еўрапейскімі чыноўнікамі і афіцыйнай беларускай дэлегацыяй у Бруселі.

Беларускі бок прадстаўляў намеснік кіраўніка МЗС Алег Краўчанка, ЕЗ – намеснік кіраўніка дырэктара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў па справах Еўропы і Цэнтральнай Азіі Люк Дэвінь.

У паведамленні прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі адзначаецца, што «у цэнтры дыскусіяў была сітуацыя ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў, якія пройдуць у Беларусі 9 жніўня».

Hавiны
Еўрапейскія палітыкі пагражаюць Лукашэнку санкцыямі за рэпрэсіі
2020.06.19 11:16

ЕЗ таксама занепакоены адвольным выключэннем асобных кандыдатаў з выбарчай гонкі. Еўропа заклікае ўлады Беларусі вызваліць усіх затрыманых палітычных актывістаў, забяспечыць ім доступ да адваката і правесці празрыстае расследаванне.

Акрамя таго Еўразвяз выказвае шкадаванне з нагоды адсутнасці на выбарах назіральнікаў БДІПЧ АБСЕ і заклікае Беларусь выконваць міжнародныя стандарты цягам рэшты выбарчага працэсу.

Як паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі, 23 ліпеня Краўчанка таксама сустрэўся са спецыяльным прадстаўніком ЕЗ па правах чалавека Эйман Гілмарам.

«У цэнтры ўвагі гутаркі быў ход прэзідэнцкай кампаніі ў Рэспубліцы Беларусь. Пацверджана ўзаемная зацікаўленасць у працягу кантактаў у сферы правоў чалавека, у тым ліку ў мэтах абмеркавання праблемных пытанняў», – гаворыцца ў паведамленні.

Нагадаем, на сённяшні дзень у Беларусі 25 палітычных вязняў, 22 з іх з’явіліся падчас выбарчай кампаніі. Агулам за апошнія два месяцы больш за тысячу чалавек былі затрыманыя сілавікамі, сотні зазналі адміністратыўны пераслед. Рэпрэсіі ў дачыненні палітыкаў, грамадскіх актывістаў, блогераў, журналістаў працягваюцца.

Hавiны
Дзяцей Святланы Ціханоўскай вывезлі з Беларусі ў Еўразвяз
2020.07.20 13:05

КА belsat.eu

Стужка навінаў