Еўразвяз заклікае беларускія ўлады вызваліць Віктара Бабарыку


Еўразвяз у спецыяльнай заяве заклікаў беларускія ўлады забяспечыць рэальныя канкурэнтныя ўмовы ў перадвыбарнай кампаніі.

У ЕЗ падкрэсліваюць, што ніводны патэнцыйны кандыдат не можа быць пазбаўлены магчымасці зарэгістравацца праз палітычна матываваныя абмежаванні.

«ЕЗ заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда з папярэдняга зняволення і гарантаваць поўнае выкананне вяршэнства закона, уключаючы права на сумленнае і празрыстае расследаванне і права на адваката. Любое расследаванне павінна быць бесстароннім і без палітычнага ціску», – гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце прадстаўніцтва Еўразвяза ў Беларусі.

Таксама ЕЗ заклікае беларускія ўлады пазбягаць любых затрыманняў мірных дэманстрантаў.

«Паведамленні пра выпадкі жорсткага абыходжання з асобамі, затрыманымі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, уключаючы Паўла Севярынца, выклікаюць надзвычайную занепакоенасць», – адзначаецца ў дакуменце.

Нагадаем, 19 чэрвеня беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі Віктара Бабарыку, ягонага сына Эдуарда Бабарыку, а таксама двух чальцоў ініцыятыўнай групы – Святлану Купрэеву і Уладзіміра Дударава.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў