Еўразвяз выдзеліў грошы для фінансавання прыватнага бізнесу праз «Беларусбанк»


Еўрапейскі інвестыцыйны банк выдзеліў «Беларусбанку» крэдыт у памеры 85 млн еўраў для фінансавання суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Адпаведную дамову падпісалі выканаўчы дырэктар «Беларусбанка» Міхаіл Кулічкоў і віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банку Ліліяна Паўлава, паведамляе прэсавая служба беларускага банку.

Еўрапейскія грошы пойдуць на фінансаванне прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу Беларусі (з колькасцю працаўнікоў да 250 асобаў і доляй удзелу дзяржавы ў статутным капітале не болей за 25 %).

«Мы заключылі новае пагадненне з нашымі партнёрамі на 85 млн еўраў. Зацікаўленасць у фінансаванні за кошт рэсурсаў ЕІБ выказалі каля 100 прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу розных галінаў эканомікі. Сродкі будуць накіраваныя на крэдытаванне бягучай і інвестыцыйнай дзейнасці нашых кліентаў», – сказаў кіраўнік «Беларусбанка» Міхаіл Кулічкоў.

Выканаўчы дырэктар «Беларусбанка» Міхаіл Кулічкоў і віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага інвестыцыйнага банку Ліліяна Паўлава.
Фота: БелТА

Еўрапейскі інвестыцыйны банк (ЕІБ) у сваёй дзейнасці накіраваны на падтрыманне малых і сярэдніх прадпрыемстваў. Уласнікамі банку выступаюць 28 краінаў ЕЗ.

Дамова пра выдзяленне крэдытнай лініі падпісаная ў межах візіту дзяржаўнай дэлегацыі нашай краіны на інвестыцыйным саміце «Усходняга партнёрства». Беларускую дэлегацыю ў Лондане ўзначаліў прэмʼер-міністр Сяргей Румас.

СК belsat.eu

Стужка навінаў