Еўразвяз увёў персанальныя санкцыі супраць людзей Лукашэнкі


На саміце ў Бруселі лідарам Еўразвязу ўдалося пераканаць Кіпр зняць блакаванне санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Гэта адбылося ў першы дзень пазачарговага саміту ЕЗ.

Пасля каля дзесяці гадзін перамоваў у ноч на 2 кастрычніка кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краінаў Аб’яднанай Еўропы разблакавалі санкцыі супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады супраць чатырох дзясяткаў беларускіх чыноўнікаў імплементуюць сёння ж, заявіў кіраўнік Еўрапейскае Рады Шарль Мішэль.

У Брусэлі яшчэ спадзяюцца на дыялог з Менскам – пра выпрацоўванне шляху мірнай перадачы ўлады. Пра санкцыі за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня і жорсткія рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў у Еўразвязе дамовіліся яшчэ ў жніўні. Аднак канчатковае рашэнне аб абмежавальных захадах заблакаваў Кіпр. У абмен на сваю згоду патрабаваў увесці санкцыі супраць Турцыі.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель у выніку назвала перамовы на саміце «вельмі паспяховымі».

«Датычна Беларусі, я вельмі шчаслівая, што мы нарэшце адкрылі дарогу санкцыям, і што не пакінем беспакаранымі адказных за пераслед дэманстрантаў і апазіцыянераў», – дадала старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен.

Еўрапейская рада апублікавала рэзалюцыю па выніках самітуу, у якой адлюстраваная пазіцыя адносна Беларусі:

«Еўрапейская рада асуджае непрымальны гвалт з боку беларускіх уладаў супраць мірных дэманстрантаў, а таксама запалохванне, адвольныя арышты і затрыманні пасля прэзідэнцкіх выбараў, вынікі якіх Рада не прызнае. Рада цалкам падтрымлівае дэмакратычнае права беларускага народу абіраць свайго прэзідэнта шляхам новых свабодных і справядлівых выбараў без вонкавага ўмяшання. Еўрапейская рада заклікае ўлады Беларусі пакласці канец гвалту і рэпрэсіяў, вызваліць усіх затрыманых і палітычных вязняў, паважаць свабоду медыяў і грамадзянскую супольнасць, а таксама пачаць усебаковы нацыянальны дыялог».

Кіраўнік Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль паведаміў, што пад санкцыі пакуль не патрапіць Аляксандр Лукашэнка, легітымнасць якога як прэзідэнта Беларусі ЕЗ не прызнае. Такі крок кіраўнік Еўрапейскай рады растлумачыў жаданнем дыялогу паміж уладай і пратэстоўцамі ў Беларусі, які могуць арганізаваць пры пасярэдніцтве АБСЕ.

Hавiны
Эмануэль Макрон і АБСЕ могуць пасярэднічаць у беларускім канфлікце
2020.09.29 11:23

У санкцыйны спіс трапілі агулам 40 асобаў.

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў