Еўразвяз ударыць па «Газпроме». Чаму Беларусь не набудзе нарвежскага газу?


«Паўночная плынь – 2» – газавы яблык разладу ці праект, які павысіць энергабяспеку ў Еўразвязе? Новы расейскі газаправод пасварыў чальцоў аб’яднанай Еўропы. Крытыкі газаправоду, які мае злучыць Расею ды Нямеччыну, перакананыя, што Масква збіраецца ўзмацніць залежнасць Еўропы ад «Газпрому».

Голас у справе бярэ Еўракамісія, якая абвесціла пра намер падпарадкаваць газаправод еўрапейскім законам. Ці паспее Еўразвяз змяніць правілы гульні? І як гэта паўплывае на Беларусь? Высвятляла Вольга Жарнасек.

Будаванне газаправоду «Паўночная плынь – 2» пакуль ідзе згодна з планам. Але ўжо неўзабаве сітуацыя можа змяніцца, бо на шляху «Газпрому» і заходніх інвестараў збіраецца стаць Еўракамісія.

«Нашая пазіцыя нязменная. Мэта Еўразвязу – гарантаваць, што «Паўночная плынь – 2», калі яна будзе збудаваная, паўстане згодна з міжнародным і еўрапейскімі законамі», – прэс-сакратарка Еўрапейскай камісіі кажа Анна-Кайса Ітканэн.

Законы Еўразвязу не дазваляюць экспарцёрам газу адначасова выконваць ролю аператара трубаправоду. Хоць такое права «Газпрому» дае расейскае заканадаўства.

Праблема ў тым, што трэці энергетычны пакет ЕЗ не распаўсюджваецца на балтыйскі адрэзак «Паўночнай плыні – 2», які не ёсць тэрыторыяй Еўразвязу. У сувязі з гэтым Еўракамісія анансавала змены ў газавай дырэктыве.

«Мэта паправак у тым, каб дапоўніць існую газавую дырэктыву (з 2009 года) і ўдакладніць, што асноўныя прынцыпы энергетычнага заканадаўства ЕЗ будуць ужывацца да ўсіх газаправодаў у трэція краіны і з іх – да мяжы юрысдыкцыі Еўразвязу».

«Паўночная плынь – 2» мае транспартаваць газ з расейскага Выбаргу ў нямецкі па дне Балтыйскага мора – у абыход балтыйскіх краінаў і Польшчы. Карысці ад праекту чакаюць найперш для Нямеччыны, якая атрымае наўпроставы доступ да расейскіх газавых запасаў. Але разам з гэтым з’явіцца і залежнасць, якая супярэчыць энергетычнай палітыцы Еўразвязу.

«Паўночная плынь – 2» і наш энергетычны звяз не могуць суіснаваць. Большасць чальцоў Еўрапарламенту выступаюць супраць экспансіі «Паўночнай плыні – 2», – кажа старшыня камісіі Еўрапарламенту ў пытаннях энергіі Ежы Бузэк.

Але найбольшы ўдар чакае Украіну. Разам з стартам «Паўночнай плыні – 2» яна можа страціць каля 3 мільярдаў долараў на год праз змяншэнне ці нават спыненне транзіту блакітнага паліва з Расеі.

З перспектывы Кіева і Варшавы гэтым праектам «Газпром» выконвае палітычную волю Крамля, які жадае ўмацаваць свае пазіцыі на еўрапейскім газавым рынку ды ўнесці разлад у абʼяднанай Еўропе.

«Гэта будзе пагроза ў сферы бяспекі, бо можа зрабіцца нагодаю для гібрыдных дзеянняў. Пачынаючы з крадзяжу звестак пры нагодзе правядзення газаправоду, заканчваючы зʼяўленнем «зялёных чалавечкаў» на адной са скандынаўскіх выспаў, пра што неафіцыйна казалі шведскія спецслужбы», – кажа эксперт у пытаннях энергетыкі, рэдактар парталу «BiznesAlert.pl» Войцех Якубік.

Своеасаблівым адказам на расейскую экспансію мае стаць «Baltic Pipe» – газаправод, які спалучыць газатранспартавыя сістэмы Даніі ды Польшчы. Пасля запуску ён будзе экспартаваць нарвежскі газ на польскі рынак, што зменшыць залежнасць ад расейскай сыравіны. Прапускная здольнасць «Балтыйскага калідору» мае скласці каля 10 мільярдаў кубічных метраў газу на год. Большасць плануе набыць Польская нафтава-газавая кампанія.

«Калі знойдуцца кліенты, то яна будзе рээкспартаваць гэты газ. Яна ўжо робіць гэта ва Украіне, дзе мае прадаць ужо нават 1 мільярд кубічных метраў газу. У перспектыве такім кліентам магла б стаць Вышэградская група, а таксама Літва. Бо зʼяўляюцца чарговыя газавыя спалучэнні, якія могуць гэта дазволіць», – кажа эксперт у пытаннях энергетыкі, рэдактар парталу «BiznesAlert.pl» Войцех Якубік.

З прапановы суседзяў, аднак, не зможа скарыстацца Беларусь. Нават у выпадку канфлікту з Расеяй. З 2011 года беларуская газатранспартавая сістэма цалкам належыць расейскаму «Газпрому».

«Дык якім чынам Беларусь можа арганізаваць тыя ж рэверсіўныя пастаўкі газу, як гэта зрабіла Украіна? Украіна мае сваю газатранспартавую сістэму. У Беларусі газатранспартавая сістэма не належыць Беларусі. Таму нават тэарэтычна такія магчымасці адсутнічаюць», – кажа эксперт у пытаннях энергетыкі Таццяна Манёнак.

Хоць за год да продажу «Белтрансгазу» ўлады Беларусі яшчэ шукалі энергетычную альтэрнатыву. У 2010 годзе ў разгар газавай вайны з Расеяй тагачасны прэмʼер Беларусі Сяргей Сідорскі публічна заявіў пра планы стварэння тэрміналу звадкаванага газу ў Клайпедскім порце ў Літве. Сёлета ў літоўскі порт прыйшла першая партыя сыравіны са Злучаных Штатаў. У гэты ж час Менск стабільна паглыбляе залежнасць ад Расеі.

«Да чаго імкнецца Беларусь? Беларусь імкнецца да таго, каб да 2025 года атрымліваць прыродны газ за такі ж кошт, як, напрыклад, атрымліваюць газ спажыўцы ў Смаленскай вобласці», – кажа эксперт у пытаннях энергетыкі Таццяна Манёнак.

Пытанне ў тым, што Расея папросіць наўзамен таннага газу? Сем гадоў таму Масква змусіла Менск прадаць «Белтрансгаз», што азначала страту энергетычнай незалежнасці. Цяпер пра сваю бяспеку непакоіцца Еўразвяз, хоць Масква і Берлін пераконваюць, што «Паўночная плынь – 2» мае выключна бізнесовы характар. Але як паказвае гісторыя, газавы вентыль у руках Масквы – заўсёды рычаг палітычнага ціску.

Сюжэт паказалі 10 лістапада 2017 г. у праграме «Прасвет»

Іншыя тэмы:

  • Украіна за крок ад зрыву адносінаў з Расеяй. Ці стане Беларусь пасярэдніцай?
  • «Лукашэнка – не марыянетка». Інтэрв’ю з Майклам Карпэнтэрам, былым дарадцам віцэ-прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і намеснікам асістэнта міністра абароны.
  • Чаго Украіна дасягнула на еўрапейскім шляху і якія сустрэла праблемы? Інтэрв’ю з кіраўнічкаю замежнай камісіі Вярхоўнай Рады Украіны Ганнай Губко.
  • Трамп у Азіі. Ад праблемаў, за Ціхі Акіян
Стужка навінаў