Еўразвяз ударыць па бізнесоўцах Лукашэнкі


Ужо неўзабаве Беларусь пачуе імёны асобаў, што падпадуць пад трэці санкцыйны пакет Еўразвязу. Свае абмежаванні рыхтуюць і Злучаныя штаты Амерыкі. На што робіць ухіл Брусель? І як намаганні Еўрадэпутатаў дапамогуць Беларусі ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі?

Каментуюць Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях, Робэрт Бедрань, старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту па справах дачыненняў з Беларуссю, Пятрас Аўштравічус, спецдакладчык Еўрапарламенту па Беларусі, Пэтэр Стано, прэс-сакратар Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі ды Станіслаў Івашкевіч, журналіст-расследавальнік, эканамічны аглядальнік «Белсату».

Эканоміка абвалілася, крызіс дакаціўся да ЕАЭС. Гэтак Аляксандр Лукашэнка пачаў сваю размову з Уладзімірам Мясніковічам фактычна за тыдзень да паседжання Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету. Прычына бедаў – зноў вонкавыя ворагі.

«Фактычна пачалася эканамічная вайна. Ужо дзе-нідзе непрыкрытая вайна з пераходам на не проста дыпламатычную ці сродках масавай інфармацыі, але ўжо і гарачым запахла. Я прыводзіў гэтыя факты зусім нядаўна. Замашкі асобных нашых суседзяў пад прыкрыццём асобных дзяржаваў».

Hавiны
Павел Латушка: ЦРУ будзе шукаць грошы Лукашэнкі
2020.11.21 10:05

Ці называе Лукашэнка вайной працэс прыняцця Еўразвязам эканамічных абмежаванняў? У сваіх дзеяннях еўрапейскія чыноўнікі кіруюцца жаданням падтрымаць беларускі народ, бо ўсцяж працягваюць бачыць рэпрэсіі ў дачыненні да мірнага насельніцтва.

Каментуе Пэтэр Стано, прэс-сакратар Еўразвязу па замежных справах і палітыцы бяспекі:

«Мы хочам бачыць, каб голас беларусаў быў пачуты. Паколькі гэтага не адбываецца, мы прымаем санкцыі адносна датычных да рэпрэсіяў у Беларусі асобаў. Падчас першых двух раўндаў пад абмежаванні патрапіла больш за 50 асобаў. Цяпер рыхтуецца трэці раўнд санкцый».

Першыя два санкцыйныя пакеты закранулі блізкае атачэнне Лукашэнкі, яго самога, кіраўнікоў сілавых структураў, суддзяў і чыноўнікаў, датычных да фальшавання выбараў. Трэці пакет санкцыяў мае ахапіць бізнес. Гаворка не толькі пра асобных бізнесоўцаў, але і пра цэлыя кампаніі, што спрыяюць абагачэнню рэжыму Лукашэнкі.

Робэрт Бедрань, старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту па справах дачыненняў з Беларуссю:

«Еўразвяз мае высокага камісара па вонкавай палітыцы, у межах гэтай пасады мы маем пэўныя структуры, якія дагэтуль манітораць сітуацыю ў Беларусі. Назіральнікі з асобных краінаў пераказваюць інфармацыю. Такім чынам мы збіраем інфармацыю адносна тых асобаў і фірмаў, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі».

Схемы адтоку грошай з прыкметамі карупцыі ёсць фактычнай у кожнай буйной галіне эканомікі – ад медыцыны да нафтаперапрацоўкі, сцвярджае журналіст-расследавальнік Станіслаў Івашкевіч.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«З нашых расследаванняў мы бачылі, што ў шматлікіх кампаніях, якія маюць прывілеяваны статус у Беларусі, працуюць адстаўныя сілавікі. Складаецца такое ўражанне, што гэта і ёсць у пэўным сэнсе кармленне, якім у тым ліку ўтрымліваецца лаяльнасць як адстаўных высокапастаўленых сілавікоў, гэтак і дзейных, праз якіх тыя адстаўнікі вырашаюць пытанні».

Пакуль жа знайсці каналы, па якіх з Беларусі адбываецца вывад грошай атачэння Лукашэнкі, вывучаюць у тым ліку адмыслоўцы міжнароднай сеткі даследчыкаў арганізаванай злачыннасці і карупцыі OCCRP. Дапамагаюць і незалежныя аналітычныя арганізацыі з Беларусі. Нярэдка бізнесоўцы працуюць не толькі на ўсходнім рынку, але маюць дачыненні з Еўразвязам.

Hавiны
Байдэн запрасіў Ціханоўскую. Эксклюзіўнае інтэрв’ю
2020.11.27 07:30

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях:

«Называюць некалькі асноўных рэгіёнаў. У тым ліку гэта краіны Еўразвязу, гэта краіны Паўднёвай Еўропы, гэта краіны Блізкага Усходу. Тут мы гаворым пра арабскія краіны ў першую чаргу. Арабскія Эміраты».

Раней у чорныя спісы Еўразвязу траплялі бізнесоўцы Уладзімір Пефціеў, Анатоль Тарнаўскі і Юры Чыж. Новыя імёны абнародуюць ужо неўзабаве. Спіс можа быць значна шырэйшы: такі сігнал Еўрапарламент прадэманстраваў апошняй прынятай рэзалюцыяй. Уключаным у санкцыйны спіс асобам будзе забаронены ўезд у Еўразвяз, выкарыстанне еўрапейскіх авіялініяў для падарожжаў, блакіроўка рахункаў і немагчымасць іх выкарыстання для камерцыйных аперацыяў.

Пятрас Аўштравічус, спецдакладчык Еўрапарламенту па Беларусі:

«Вытрымліваць такую барацьбу з людзьмі – гэта каштуе грошай. Неабходна фінансава матываваць АМАП і іншыя сілавыя структуры, таму ўключэнне такіх алігархаў, я думаю, можа паўдзельнічаць вельмі сур’ёзна».

Фінансавыя санкцыі маюць спрацаваць аднак кропкава. Рашучы ўдар рэжыму Лукашэнкі нанеслі б аднак сектаральныя абмежаванні. Напрыклад, эмбарга на экспарт калійных угнаенняў ці нафтапрадуктаў. Калі сітуацыя ў Беларусі істотна не зменіцца, то Еўразвяз пачне паабяцаў перайсці да разгляду наступнага этапу – чацвёртага санкцыйнага пакету.

Франак Вячорка, дарадца Святланы Ціханоўскай у міжнародных пытаннях:

«Вельмі неабходна памятаць, што разам з такімі санкцыямі павінна быць падтрымка для беларускага народу. Мы ўводзім санкцыі, напрыклад, супраць нафтаперапрацоўваючых заводаў, але пры гэтым Еўразвяз на тую самую суму падтрымлівае беларускіх бізнесоўцаў, дробны бізнес, сярэдні бізнес, адкрывае зону свабоднага гандлю паслугамі».

Паводле еўрадэпутатаў Робэрта Бедраня ды Пятраса Аўштравічуса трэці пакет санкцыяў Еўразвязу хутчэй за ўсё прымуць да канца году. Пасля гэтага пачнецца праца над чацвёртым пакетам, калі сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца. Больш шырокія абмежаванні можа прынесці амерыканскі «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». Аднак спачатку яго трэба будзе канчаткова прыняць парламенту ЗША і новаму прэзідэнту. Гэта можа адбыцца пасля таго як новы гаспадар Белага дому зойме сваю пасаду 20 студзеня, праз паўтары месяцы.

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

Напішы журналістам
Стужка навінаў