Еўразвяз рэзка павялічыць эканамічную падтрымку Беларусі пасля пераходу да дэмакратыі


Эканамічны план Еўразвяза для дэмакратычнай Беларусі можа быць апублікаваны ў снежні 2020 г – Менскі форум.

«Менскі форум», 3 снежня. Скрын відэа

Еўрапейскі Звяз можа абнародаваць усеабдымны план эканамічнай падтрымкі для дэмакратычнай Беларусі ўжо ў гэтым месяцы, сказаў Ерун Вілемс, намеснік генеральнага дырэктара па еўрапейскай палітыцы суседства і перамовах па пытаннях пашырэння (NEAR) Еўрапейскай камісіі.

Вілемс выступаў на анлайн-канферэнцыі «Менскі форум» у чацвер 3 снежня.

Ён адзначыў, што Еўразвяз плануе рэзка павялічыць эканамічную падтрымку для Беларусі ў выпадку пераходу краіны да дэмакратыі.

«Мы гатовыя павялічыць кантакты з урадам Беларусі, калі ён пойдзе правільным шляхам, больш за тое, што датычыцца «Плана Маршала» для Беларусі, мы яго клічам «Агульны эканамічны план для дэмакратычнай Беларусі». Калі адбудзецца пераход да дэмакратыі, тады ЕЗ гатовы значна, сапраўды значна, павялічыць падтрымку для Беларусі», – сказаў прадстаўнік Еўракамісіі.

«Гэты агульны эканамічны план рыхтуецца, ён на даволі прасунутай стадыі, і мы спадзяемся, што ён будзе апублікаваны ў гэтым месяцы», – дадаў Вілемс.

«Белсат» у гэтым годзе ўдзельнічае ў Форуме ў якасці інфармацыйнага партнёра.

belsat.eu

Стужка навінаў