Еўразвяз, прага да незалежнасці, жаданне рэформаў. Чаму Польшча здолела, а мы – не?


Нядаўна эксперты падлічылі: каб дагнаць Польшчу паводле ўзроўню эканамічнага развіцця, Беларусі спатрэбіцца 246 гадоў. Цэнтр новых ідэяў і «Case Belarus» зарганізавалі дыскусію з удзелам польскіх адмыслоўцаў, якія распавялі, як так атрымалася, што пры аднолькавай камуністычнай мінуўшчыне нашая заходняя суседка стала адной з краінаў Еўропы, якія найбольш дынамічна развіваюцца.

«Рынкавая эканоміка была для палякаў пытаннем незалежнасці»

Чаму палякі вырашылі напрыканцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя перанесці эканоміку з цэнтралізаванай планаванай да рынкавай? На думку экспертаў, ёсць адразу некалькі прычынаў: эканамічная і гістарычная. Паводле Анджэя Рачко, былога міністра фінансаў Польшчы, для палякаў гэта было пытаннем незалежнасці:

Іаана Тыровіч, Ізабела Стычыньска і Анджэй Рачко.
Фота: Belsat.eu

«Галоўны падыход рынкавай эканомікі – гэта жаданне зарабляць і браць адказнасць за рызыку. А калі ты хочаш быць эканамічна незалежным, але быць гатовым сутыкнуцца з рызыкамі. Напрыканцы 80-ых стала відавочна, што ў Польшчы планавая сістэма не працуе. Былі праблемы з набыццём тавараў, гіперінфляцыя».

Паводле Ізабелы Стычыньскай, дырэктаркі аналітычнага цэнтру «Case», у рэформаў былі і гістарычныя прычыны. У палякаў былі даволі моцныя антырасейскія пачуцці, звязаныя з падзеламі Рэчы Паспалітай напрыканцы XVIII стагоддзя. А Масква асацыявалася з планавай эканомікай.

Фота: Belsat.eu

На думку Іааны Тыровіч, доктаркі эканамічных навук, дацэнта Варшаўскага ўніверсітэту, вельмі важным фактарам стала змена пакаленняў:

«Людзі пасляваеннага пакалення рады былі проста выжыць. Таму ім пасавала планавая сістэма, якая забяспечвала базавыя патрэбы. Але ўжо іх дзеці, якія не ведалі жахаў вайны, у якіх была добрая адукацыя, зразумелі, што пры такой сістэме яны не здолеюць забяспечыць сваім дзецям лепшае жыццё, чым самі мелі. Яны і сталі асноўным рухавіком рэформаў».

Hавiны
Румас незадаволены сітуацыяй у эканоміцы
2019.11.05 11:11

Даваеннае заканадаўства як дапамога пры капіталізме

Галоўная праблема, якая паўстала перад рэфарматарамі тых часоў: як зрабіць капіталізм без капіталістаў. Можна пастарацца «вырасціць» сваіх, але ёсць рызыка з’яўлення алігархаў, як гэта здарылася ў Расеі і Украіне. Палякі пайшлі па іншым шляху.

Польскі ўрад прывабіў замежных стратэгічных інвестараў, якія разумелі, як функцыянуе рынкавая сістэма. Гэтак яны вырашылі адразу некалькі задачаў: прыцягнулі капітал, новыя тэхналогіі і высакаякасны менеджмент.

Познань.
Фота: pixabay.com

Дапамагла і юрыдычная спадчына. У камуністычнай Польшчы не існавала адпаведнага рынкавым нормам заканадаўства. Таму вырашылі звярнуцца да даваеннага часу, калі была рынкавая сістэма. І пры трансфармацыі выкарысталі даваенны гандлёвы кодэкс.

Кошт трансфармацыі

Іаана Тыровіч зазначае, што значная частка жахаў 90-ых – перабольшаная.

«Так уладкаваная наша памяць і масмедыя. Ніхто не будзе ставіць на першую паласу навіну пра адкрыццё новага заводу. Усе памятаюць і гавораць толькі пра негатыў. У страха вялікія вочы», – сцвярджае яна.

Экспертка праводзіла грунтоўнае даследаванне, падчас якога вывучала, колькі людзей сталі больш беднымі пасля распаду лагеру і колькі людзей памянялі сферы працы.

«Вынікі даволі адрозніваюцца ад публічнага наратыву. Насамрэч, меншасць людзей і прадпрыемстваў абанкруцілася. З усіх 27 краінаў, якія ўвайшлі ў маё даследаванне, большасць зменаў прац адбываліся ў той жа самай сферы. Толькі прадпрыемствы былі ўжо не дзяржаўнымі, а прыватнымі».

Варшава.
Фота: pixabay.com

«Калі б не ЕЗ, мы засталіся б у Сярэднявеччы»

Гісторыя ўзаемадачынення Польшчы і ЕЗ цягнецца больш за 15 гадоў. Ужо з 1995 года Польшча мела бэнефіты (права на атрыманне грошаў, крэдытаў) ад Еўрапейскага звязу.

«Гэта дапамагло нам стварыць патрэбныя інстытуцыі, наладзіць сістэму мясцовага самакіравання, палепшыць стандарты вытворчасці», – кажа Іаана Тыровіч.

«Нават цяжка меркаваць, якой бы была Польшча без ЕЗ. Справа ня толькі ў грошах, але таксама ў каштоўнасцях, якія нясе разам з сабой Еўрапейскі саюз. Ня толькі культурных, але і эканамічных. З’явіліся новыя стандарты дабрабыту, абароны навакольнага асяроддзя», – зазначае Ізабела Стычыньска.

Анджэй Рачко адзначае, што пасля далучэння да ЕЗ Польшчы стала прасцей прывабліваць замежныя інвестыцыі.

«Нашае заканадаўства прыведзенае ў адпаведнасць з агульнаеўрапейскім. А гэта выглядае больш самавіта ў вачах інвестараў. Мы не яшчэ адна ненадзейная краіна, але частка Еўразвязу», – кажа ён.

Ізабела Стычыньска нават называе Еўразвяз ланцугом, які падцягвае краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы да больш высокіх стандартаў.

«Калі б не ён, гэтыя 15 год абрынулі бы нас у Сярэднявечча», – сцвярджае Ізабела.

Ксенія Тарасевіч, фота аўтара Belsat.eu

Стужка навінаў