Еўразвяз перагледзіць адносіны з Беларуссю з-за так званай «інаўгурацыі» Лукашэнкі


Еўрапейскі Звяз заявіў, што «так званая інаўгурацыя» Лукашэнкі супярэчыць волі значнай часткі беларусаў. У сувязі з гэтым Брусель вырашыў перагледзець адносіны з Менскам. Пра гэта гаворыцца ў заяве вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах Жазэпа Барэля.

Еўразвяз не лічыць сакрэтную цырымонію ўступлення на пасаду, якую 23 верасня правёў Аляксандр Лукашэнка, легітымнай.

«ЕЗ яшчэ раз паўтарае, што прэзідэнцкія выбары ў Беларусі 9 жніўня не былі ні свабоднымі, ні сумленнымі. Еўрапейскі саюз не прызнае іх сфальсіфікаваныя вынікі. Зыходзячы з гэтага, так званая інаўгурацыя 23 верасня 2020 года і новы мандат, на які прэтэндуе Аляксандр Лукашэнка, пазбаўленыя якой-небудзь дэмакратычнай легітымнасці», – заявіў Жазэп Барэль.

Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. 23 верасня 2020 г. Фота Andrei Stasevich / TASS / Forum

Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства ЕЗ падкрэсліў, што самаабвешчаны прэзідэнт пагаршае палітычны крызіс у краіне:

«Гэтая “інаўгурацыя” прама супярэчыць волі значнай часткі беларусаў, якая выказалася ў шматлікіх беспрэцэдэнтных мірных пратэстах, і вядзе да далейшага паглыблення палітычнага крызісу ў Беларусі».

Людзі выйшлі на акцыю пратэсту пасля таго, як Лукашэнка правёў таемную інаўгурацыю. Сілавікі пачалі затрыманні. Менск, Беларусь. 23 верасня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / belsat.eu

Палітык выказаў салідарнасць з беларусамі ў іх барацьбе за дэмакратыю і фундаментальныя правы. Ён падтрымаў патрабаванне новых сумленных і свабодных выбараў прэзідэнта Беларусі пад кантролем АБСЕ.

«Нас уражвае і кранае мужнасць беларускага народа, які працягвае мірна выступаць за дэмакратыю, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў. <…> У святле цяперашняй сітуацыі ЕЗ пераглядае свае адносіны з Беларуссю», – сказаў на заканчэнне Барэль.

Раней ЗША таксама не прызналі легітымнасць Лукашэнкі пасля інаўгурацыі.

«Злучаныя Штаты не могуць лічыць [Лукашэнка] законна абраным прэзідэнтам Беларусі. Абвешчаныя вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя і не адлюстроўвалі легітымнасць», – заявіў Дзярждэпартамент ЗША.

Лідар беларускай апазіцыі Святлана Ціханоўская заявіла, што з пункту гледжання закона ў выніку тайнай цырымоніі Лукашэнкі «проста сышоў на пенсію».

На пратэстных акцыях у Беларусі пасля інаўгурацыі Лукашэнкі, паводле звестак МУС, затрымалі 364 чалавекі.

belsat.eu / ІР

Стужка навінаў