Еўразвяз падрыхтаваў дамову пра танныя візы для беларусаў

Абноўлена

Сцягі Еўразвязу каля Еўрапейскай камісіі. Фота: Reuters/Forum

Еўрапейская камісія вынесла падпісанне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму з Беларуссю на разгляд рабочых органаў Рады Еўразвязу. Праект дамовы быў падрыхтаваны 30 жніўня, але з’явіўся ў базе нарматыўных актаў толькі цяпер.

Дакумент мусяць ухваліць Еўрапейскі парламент і Еўрапейская рада, пасля чаго рашэнне прыме Рада ЕЗ. Пасля падпісання пагаднення яно ўступіць у моц першага чысла другога месяца пасля абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

Між тым прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз паведаміў, што наша краіна завяршыла ўнутрыдзяржаўныя працэдуры адносна пагадненняў з Еўрапейскім звязам аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі.

«Кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне, якое сёння будзе апублікавана, аб падпісанні пагадненняў з Еўрапейскім саюзам аб спрашчэнні выдачы віз і па рэадмісіі», – сказаў ён, піша БелТА.

Шэнгенскія візы падаражэюць да € 80 у 2020 годзе

Дакумент прадугледжвае зніжэнне кошту віз да 35 еўра і прыняцце рашэння аб выдачы візы ў тэрмін да 10 дзён (пры неабходнасці дадатковай праверкі – да 30 дзён).

Рэадмісія – гэта згода дзяржавы на тое, каб прымаць назад, на сваю тэрыторыю, сваіх грамадзянаў, якія падлягаюць дэпартацыі з іншай краіны. У некаторых выпадках гэта могуць быць і замежнікі, якія раней знаходзіліся або жылі ў гэтай краіне. Заключэнне дамовы па рэадмісіі – адзін з прыярытэтаў міграцыйнай палітыкі Еўразвязу.

Таксама «шэнген» будзе бясплатным для дзяцей да 12 гадоў, школьнікаў, студэнтаў і настаўнікаў або выкладчыкаў, якія суправаджаюць іх у навучальных або адукацыйных паездках, даследчыкаў у мэтах навуковых даследаванняў, прадстаўнікоў некамерцыйных арганізацыяў да 25 гадоў, якія ўдзельнічаюць у семінарах, канферэнцыях, спартыўных, культурных або адукацыйных падзеях, арганізаваных некамерцыйнымі арганізацыямі.

Беларусь і ЕЗ спросцяць візавы рэжым да 2 лютага 2020 года

Калі Беларусь і ЕЗ не паспеюць падпісаць дамову да лютага 2020 году, то беларусам віза падаражае з 60 да 80 еўра.

МГ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары