Еўразвяз пачаў масавую вакцынацыю ад каронавіруснай інфекцыі


Адзіным зарэгістраваным прэпаратам ва ўсіх 27 краінах ЕЗ стала вакцына Pfizer/BioNTech, паведамляе Euronews.

Ад сёння, 27 снежня, Еўразвяз пачынае масавую вакцынацыю ад COVID-19. Пра гэта ў сваім Twitter паведаміла прэзідэнтка Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляйдэн ад 26 снежня:

«Сёння мы пачынаем перагортваць старонку гэтага няпростага году. Вакцына ад COVID-19 была дастаўленая ва ўсе краіны. А заўтра (27 снежня – belsat.eu) вакцынацыя пачнецца ў Еўразвязе. Гэта стане кранальным момантам еднасці. Вакцынацыя – гэта трывалае выйсце з пандэміі».

Паводле Reuters, першымі вакцыну атрымаюць медыкі і людзі сталага веку. Ужо да канца году ў Еўразвяз паступяць 12,5 мільёнаў доз вакцыны, што дазволіць прышчапіць 6,25 млн чалавек (вакцына даецца ў два крокі). Агулам ЕЗ плануе закупіць вакцыны ад розных фармакампаніяў для 450 мільёнаў чалавек.

  • Больш за 12 мільёнаў жыхароў ЕЗ ад пачатку пандэміі захварэлі, больш 335 тысяч памерлі ад COVID-19. Еўропа лічыцца найбольш пацярпелым ад пандэміі рэгіёнам.
  • Насельніцтва Еўразвязу – амаль 447 мільёнаў чалавек. Для спынення пандэміі трэба прышчапіць каля 60 працэнтаў насельніцтва.
  • Беларусы ж пакуль што могуць прышчапіцца расейскай вакцынаю «Спутник V».

КТ belsat.eu

Стужка навінаў