Еўразвяз не прыняў сёння трэці пакет санкцыяў у дачыненні да Беларусі


Новы пакет санкцыяў знаходзіцца яшчэ на стадыі ўзгаднення і мае быць гатовы на наступным тыдні, перадае «Радыё Свабода».

Санкцыі адкладаюцца?

Сёння, 7 снежня, стала вядома, што міністры замежных спраў краінаў ЕЗ не прынялі трэці пакет санкцыяў па Беларусі. Новы пакет санкцыяў знаходзіцца яшчэ на стадыі ўзгаднення і мае быць гатовы на наступным тыдні. На 7 снежня ў праект трэцяга пакету санкцыяў Еўразвязу супраць рэжыму ў Беларусі ўключаныя 32 новыя фізічныя асобы і 9 юрыдычных.

Пасля пасяджэння кіраўнік дыпламатыі ЕЗ Жузэп Бурэль сказаў:

«Мы таксама закранулі сітуацыю ў Беларусі, дзе працягваюцца рэпрэсіі ўладаў супраць насельніцтва, і мы дапрацоўваем трэці пакет санкцый. Я спадзяюся, што ён будзе хутка прыняты. Я спадзяюся на хуткае прыняцце, я ўпэўнены, што на гэты раз іншыя пытанні ня будуць затрымліваць прыняцця гэтага трэцяга пакету санкцый».

Жузэп Бурэль.
Фота: europarl.europa.eu

На мінулым тыдні дэпутаты Еўрапейскага парламенту анансавала прыняцце трэцяга пакету санкцыяў. Яны будуць перадусім эканамічныя і закрануць бізнесы, звязаныя з Аляксандрам Лукашэнкам. Прычым бізнесы не толькі беларускія.

Hавiны
Санкцыі, суды над сілавікамі, маральнае падтрыманне. Як Еўразвяз можа дапамагчы Беларусі
2020.12.03 09:36

Пакаранне за парушэнні правоў чалавека

Сёння Еўрапейская Рада прыняла механізм, які дазваляе хутчэй увесці санкцыі за парушэнні правоў чалавека. Падрабязнасці можна прачытаць на старонцы органу.

Еўразвяз стварае механізм, які дазволіць хутка ўвесці санкцыі для самых розных асобаў або суб’ектаў, якія адказныя за парушэнні правоў чалавека ў любой кропцы свету. Абмежавальныя меры будуць прадугледжваць забарону на ўезд на фізічных асоб і замарожванне грашовых сродкаў. Акрамя таго, фізічным і юрыдычным асобам будзе забаронена вылучаць сродкі, наўпростава або ўскосна.

Пад дзеянне новага механізму падпадуць асобы, якія адказныя за генацыд, катаванні, рабства, пазасудовыя забойствы, адвольныя арышты або затрыманні. Сістэматычныя і шырока распаўсюджаныя парушэнні правоў чалавека могуць таксама трапіць у сферу дзеяння санкцыйнага рэжыму.

У сённяшнім рашэнні падкрэсліваецца, што прасоўванне і абарона правоў чалавека застаюцца краевугольным каменем і прыярытэтам міжнародных дзеянняў ЕЗ і адлюстроўвае рашучасць ЕЗ у барацьбе з сурʼёзнымі парушэннямі і парушэннямі правоў чалавека.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў