Еўразвяз назваў выбары ў Беларусі несправядлівымі


Еўразвяз асудзіў гвалт з боку ўладаў Беларусі ў дачыненні да сваіх грамадзянаў і лічыць, што народ краіны заслугоўвае лепшага. Адпаведная заява апублікаваная на старонцы ЕЗ.

У ЕЗ адзначаюць, што ў Бруселі ўважліва сочаць за падзеямі ў Беларусі і лічаць, што выбары не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі.

«Дзяржаўныя ўлады ўжылі непрапарцыйны і непрымальны гвалт, у выніку чаго па меншай меры адзін чалавек загінуў і многія атрымалі раненні. Тысячы людзей былі затрыманыя, назіраецца задушэнне свабоды сходаў. Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх затрыманых. Больш за тое, дакладныя справаздачы мясцовых назіральнікаў паказваюць, што выбарчы працэс не адпавядаў міжнародным стандартам, чаканым ад дзяржавы-удзельніцы АБСЕ».

Уручча, 11 жніўня.
Фота: Belsat.eu

ЕЗ падкрэслівае, што пасля вызвалення палітычных зняволеных у 2015 годзе адносіны паміж Бруселем і Менскам палепшыліся. Але без прагрэсу ў галіне правоў чалавека і вяршэнства закона адносіны паміж ЕЗ і Беларуссю могуць толькі пагоршыцца.

«Менавіта на гэтым фоне мы будзем ацэньваць захады беларускіх уладаў па ўрэгуляванні сітуацыі, якая склалася, і праводзіць паглыблены аналіз стасункаў ЕЗ з Беларуссю. Гэта можа ўключаць, сярод іншага, прыняцце захадаў супраць асобаў, адказных за гвалт, неабгрунтаваныя арышты і фальсіфікацыю вынікаў выбараў», – заяўляе Еўразвяз.

Еўрапейскі звяз заклікаў палітычнае кіраўніцтва Беларусі пачаць сапраўдны і ўсебаковы дыялог з больш шырокім грамадствам, каб пазбегнуць далейшага гвалту.

СК belsat.eu

Стужка навінаў