Еўразвяз даў Беларусі амаль € 600 тыс. на развіццё веларуху


Грошы пойдуць, між іншага, на лічыльнік раварыстаў ды аплату працы пасярэдніка паміж раварыстамі і дзяржавай.

Праграма стартавала ў сакавіку, завяршыць яе плануюць да восені 2019 года. Сродкі на яе – 560 855 еўраў – вылучыў Еўразвяз. Большую частку праграмы рэалізуюць у Менску, Берасці, Горадні і Магілёве.

«Паводле стандартаў ЕЗ, гэта даволі маштабны праект. Нам трэба будзе вырашыць тры буйных блока задачаў на нацыянальным і рэгіянальных узроўнях», – распавяла намесніца кіраўніка Цэнтру экалагічных рашэнняў Дар’я Чумакова на першай Веласіпеднай канферэнцыі гарадоў Беларусі.

Першы блок: развіццё веларуху і паляпшэнне веласіпеднай палітыкі

Гэтая частка ініцыятывы прадугледжвае працу ў сферы заканадаўства на ўзроўні нацыянальных і мясцовых уладаў, правядзенне даследаванняў і распрацоўку рэкамендацыяў.

Даследаванні маюць ацаніць сацыяльна-эканамічныя выгоды ад развіцця веларуху для сталіцы – наколькі Менску выгодна прасоўваць веларух, наколькі стануць здаравей людзі, што выйграе бізнес і як разгрузяцца дарогі.

Другі блок: нарошчванне патэнцыялу веласіпедных арганізацыяў

У межах блоку плануецца стварыць працоўную групу па развіцці веларуху ў краіне, у якую ўвойдуць прадстаўнікі гарадскіх арганізацыяў, профільных архітэктурных і горадабудаўнічых ведамстваў, а таксама зацікаўленая грамадскасць.

«Вельмі важна, каб рашэнні па змене палітыкі былі калектыўнымі і ўлічвалі інтарэсы як грамадскасці, гэтак і дзяржаўных органаў, якія разумеюць, што мы ў стане зрабіць цяпер, а што – запланаваць на бліжэйшыя гады», – кажа Чумакова.

Спецыялістка дадае, што ў планах – арганізацыя велафорумаў, адукацыйных летнікаў, стажыровак і канферэнцыяў, стварэнне сеткі веласіпедных арганізацыяў для каардынацыі зменаў у веласіпедную інфраструктуру Беларусі, выдзяленне малых грантаў для веласіпедных арганізацыяў для рэалізацыі лакальных ініцыятываў.

«Беларускія навіны» са спасылкай на спадарыню Чумакову падаюць, што ў Беларусі з’явіцца пасада пасярэдніка паміж велаарганізацыямі і ўладамі.

Трэці блок: удзел грамадскасці ў развіцці гарадскога веларуху.

У яго межах створаць інтэрнэт-старонку з інфармацыяй пра веларух у Беларусі і досвед іншых краінаў, усталююць першы ў Беларусі лічыльнік веласіпедыстаў ды дапрацуюць роварны маршрут Налібоцкая пушча–Белавежская пушча ды створаць рэкамендацыі па стварэнні новых дарожак.

ДД

Стужка навінаў