Еўразвяз дамаўляецца з Расеяй пра Беларусь?


Тэрміновыя дэбаты пра палітычную сітуацыю ў Беларусі правёў Еўрапарламент 26 лістапада. Па выніках прынялі адмысловую рэзалюцыю. У пачатку снежня плануюцца чарговыя спатканні ў справе крызісу ў нашай дзяржаве, а таксама прыняцце трэцяга пакету санкцыяў. Аляксандр Лукашэнка 24 лістапада заявіў, што заходнія дзяржавы імкнуцца зрынуць існы ў Беларусі лад і падключыць да гэтага Расею. Мы спыталі еўрадэпутатаў, якія займаюцца беларускімі праблемамі, ці сапраўды гэта так.

Мінуў тыдзень пасля абяцання еўрапейцаў увесці санкцыі. На вуліцах той жа гвалт, а з вуснаў Лукашэнкі – тыя ж перавернутыя з ног на галаву словы.

Аляксандр Лукашэнка:

«Беларусы, як і раней гэта было ў гісторыі, даказалі сваю здольнасць адстаяць суверэнітэт, традыцыйныя каштоўнасці і тэрытарыяльную цэласнасць. Толькі наш народ мае права вырашаць, як будзе развівацца ў будучыні беларуская дзяржава».

Уласна народ вырашае на вачах усяго свету. За права абіраць будучыню беларусы плоцяць навучаннем, кар’ераю, здароўем і нават жыццём.

Праз тыдзень пасля забойства Рамана Бандарэнкі на плошчы Пераменаў у Менску міністры замежных справаў краін Еўразвязу дамовіліся, што санкцыі аднак пашыраць, заблакаваўшы бізнес з прадпрыемствамі – гаманцамі Лукашэнкі. Яшчэ праз тыдзень прынялі рэзалюцыю.

Каментуе Робэрт Бедрань, старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту ў дачыненнях з Беларуссю:

«Той гвалт, які перажываюць цяпер беларусы, будзе не толькі асуджаны Еўрапарламентам. Еўрапарламент цяпер будзе чакаць з іншых інстытуцыяў Еўразвязу канкрэтнай падтрымкі. Перадусім дапамогі праваабарончым арганізацыям і грамадскаму сектару. Прызначаных дагэтуль 53 мільёнаў еўраў недастаткова. Гэта кропля ў параўнанні з тымі грашыма, якія атрымлівае рэжым з Масквы на тое, каб утрымацца».

Не таямніца, што ў Лукашэнкі донар адзін. Дэмакратычных пераменаў у суседзяў Пуцін не хоча. Але наўрад ці яму даспадобы ва ўладзе асоба, з-за якой доўжацца пратэсты ля заходняй мяжы Расеі. Нелегітымны кіраўнік заявіў, што Еўропа ўжо гатовая падключыць Маскву да працэсу зрынання Лукашэнкі…

Hавiны
Байдэн запрасіў Ціханоўскую. Эксклюзіўнае інтэрв’ю
2020.11.27 07:30

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік:

«Мы ведаем, што Ангела Мэркель тэлефанавала Пуціну, і Эмануэль Макрон (тэлефанаваў – заўв. рэд.), і кіраўнік Еўрапейскай Рады Шарль Мішэль, бо яны разумеюць рэальную вагу Расеі ды яе ўплыву на беларускія пытанні. Але тое, што Захад прапануе, – гэта супольнае пасярэдніцтва на платформе АБСЕ».

Спецыяльны дакладчык Еўрапарламенту па Беларусі пацвердзіў «ПраСвету», што не ведае, каб Еўразвяз прабаваў дамаўляцца з Расеяй у справе беларускага крызісу.

Пятрас Аўштравічус, адмысловы спавяшчальнік Еўрапарламенту аб Беларусі:

«Мяркую, што такія заявы нелегітымнага прэзідэнта Лукашэнкі адно паказваюць, што яго бярэ страх за ягоную будучыню. Ён баіцца кожнага, усіх і паўсюль бачыць толькі ворагаў».

Сяброў шукае ў краінах Афрыкі, Азіі, у тым ліку заможным Кітаі. Бо грошы – як пясок скрозь пальцы. Еўрапарламент яшчэ ў верасні прыняў рэзалюцыю, згодна з якою грошы, якія ідуць у дзяржаўныя арганізацыі, перанакіруюцца на патрэбы беларускага грамадства.

Пятрас Аўштравічус:

«Мы думаем, што асобныя дзяржаўныя інстытуцыі цяпер ваююць супраць народу, таму яны не могуць атрымаць ніякай дапамогі з боку Еўразвязу. Таму было прынятае такое рашэнне, якое падтрымала і Еўракамісія».

Лукашэнка згадаў, што 24 мільёны еўраў, якія дэклараваліся на змаганне з COVID-19, цяпер атрымае грамадзянская супольнасць.

Аляксандр Лукашэнка:

«Але, на жаль, на шляху ў Беларусь гэтыя грошы распушчаюцца. І мы ведаем, хто іх паглынае. Гэта рознага роду каардынацыйныя рады, створаныя за межамі краіны ў якасці альтэрнатывы дзейнаму кіраўніцтву Беларусі».

Чарговы закід таксама доказаў не мае. У адрозненне ад шматтысячных сведчанняў злачынстваў вертыкалі супраць людзей.

Еўропа абяцае ад размоваў пра Беларусь перайсці да дзеянняў і на пачатку снежня паказаць трэці, мацнейшы пакет эканамічных санкцыяў. Больш рашуча супраць рэжыму будуць дзеяць ЗША пасля канчатковага прыняцця «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі».

Hавiны
Павел Латушка: ЦРУ будзе шукаць грошы Лукашэнкі
2020.11.21 10:05

Павел Усаў, палітолаг:

«Гэта не Еўропа, якая можа баяцца ці быць абмежаваная інтарэсамі пэўных карпарацыяў або нацыянальнымі інтарэсамі ў краінах. Там усё ж такі ёсць кансэнсус у тым, каб уводзіць сурʼёзныя эканамічныя санкцыі».

У ЗША для рашэння патрэбная толькі палітычная воля прэзідэнта. Яна, у сваю чаргу, будзе залежаць ад дарадцаў Байдэна. Але Лукашэнка выбраў трымацца да апошняга.

Аляксандр Класкоўскі:

«Лукашэнка не верыць ні ў які транзіт улады, у гарантыі. Ён разумее: столькі наламалі дроў, што наўрад ці яму пашэнціць сысці ад нейкага суда і суровай адказнасці ў выпадку змены ўлады».

Такая перакананасць пагражае Беларусі больш, чым санкцыі пагражаюць Лукашэнку. Трымаючыся за свой фатэль пасінелымі пальцамі, ён разумее, што час канчаецца, і лавіна пратэстаў ды міжнароднага ціску непазбежна яго накрые.

Юлія Цяльпук для праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў