Еўразвяз – Беларусі: спачатку рэформы, пасля інвестыцыі


ЕЗ гатовы дапамагчы Беларусі ў прыцягненні інвестыцыяў, але толькі ў выпадку правядзення рэформаў.

Пра гэта сёння ў Менску заявіў кіраўнік аддзелу генеральнага дырэктарыяту па суседстве і перамовах аб пашырэнні Еўракамісіі Васіліс Марагас.

«Гэта будзе дапаўненнем да таго, што Беларусь зробіць праз палітыку рэформаў і стварэнне сваёй рэпутацыі і ўмоваў для інвестараў», – заявіў прадстаўнік Еўракамісіі.

Гэтае пытанне будзе абмяркоўвацца на форуме «Пашыраючы гарызонты: інвестыцыі, фінансы, развіццё».

Васіліс Марагас адзначыў, што эксперты абмяркуюць крокі Беларусі ў плане выканання фундаментальных правоў чалавека:

«Мы спадзяемся, што будучая палітыка ўраду возьме пад увагу гэта».

На думку Васіліса Марагаса, Беларусь робіць пэўныя крокі для прыцягнення інвестыцыяў, у тым ліку паляпшае інвестыцыйны клімат, і праводзіць пэўныя рэформы, пра што сведчаць даволі высокія месцы ў міжнародных рэйтынгах.

Прадстаўнік Еўракамісіі таксама выразіў спадзяванне, што ў Беларусі спецыялісты будуць больш валодаць замежнымі мовамі.

НМ, belsat.eu, паводле БелаПАН

Стужка навінаў