Еўразвяз апублікаваў чорны спіс краін-афшораў


Міністры фінансаў краін Еўразвяза ў аўторак апублікавалі чорны спіс краін, якія не жадаюць супрацоўнічаць з ЕЗ у сферы падатковай справаздачнасці. Спіс складаецца з 17 краін, у юрысдыкцыі большасці з якіх знаходзяцца афшорныя зоны.

У апублікаваны чорны спіс увайшлі: Амерыканскае Самоа, Бахрэйн, Барбадос, Грэнада, Гуам, Макаа, Маршалавы выспы, Манголія, Намібія, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Палаў, Панама, Сэнт-Люсія, Самоа, Трынідад і Табага, Туніс і Паўднёвая Карэя.

Таксама апублікаваны «шэры спіс» з 47 краін, падатковыя правілы якіх не адпавядаюць стандартам ЕЗ, але неўзабаве павінны быць перагледжаны.

Апошнія некалькі гадоў міжнародныя групы, якія займаюцца журналісцкімі расследаваннямі, публікавалі дадзеныя аб афшорных зонах, фінансавымі паслугамі якіх карыстаюцца чыноўнікі, знакамітасці і бізнесмены з большасці краін свету.

У пачатку лістапада журналісты апублікавалі так званыя «Paradise Papers» з вялізным масівам дакументаў, якія апісваюць фінансавую дзейнасць найбагацейшых людзей і карпарацый. Публікацыя зноў падняла пытанне аб законнасці і празрыстасці «падатковых гаваняў».

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў