Еўратур для Лукашэнкі: якія інтарэсы Беларусь мае ў Латвіі?


У лістападзе Аляксандр Лукашэнка плануе наведаць Аўстрыю і Латвію, аднак праграма візітаў яшчэ невядомая. Тым часам амбасадар Латвіі ў Беларусі Эйнарс Семаніс сустрэўся са старшынёй Палаты прадстаўнікоў Уладзімірам Андрэйчанкам, каб абмеркаваць падрыхтоўку да прыезду Лукашэнкі ў Рыгу.

Паводле амбасадара, у Латвіі чакаюць канкрэтных прапаноў па датах візіту, якія дагэтуль не агучваліся. Беларускі бок, у сваю чаргу, выказаў упэўненасць, што візіт нададзе сур’ёзны імпульс двухбаковым стасункам. Belsat.eu распавядае, як складваліся дачыненні з Латвіяй у апошнія гады і якога выніку варта чакаць ад будучых перамоваў.

Доўгачаканы візіт

Упершыню пра падрыхтоўку візіту Лукашэнкі ў Латвію загаварылі яшчэ ў ліпені 2018-га. Пра гэта паведамляў латвійскі міністр замежных спраў Эдгар Рынкевіч. Тады міністр замежных справаў Уладзімір Макей пацвердзіў, што беларускі бок зацікаўлены, але гэта «не самамэта». Запрашалі кіраўніка Беларусі і раней: у 2017 годзе, і ў чэрвені 2018-га – на нараду па ядравай бяспецы.

Уладзімір Макей і Эдгар Рынкевіч у ліпені 2018 году.
Фота: МЗС Латвіі

Сёлета Лукашэнка ўжо двойчы збіраўся ў Рыгу – у траўні і ліпені. Аднак абодва разы план зрываўся. Латвійскія медыі пісалі, што ў траўні ён адмяніў паездку ў сувязі з хуткімі выбарамі ў Сейм Латвіі і магчымасцю змены там улады. Паводле парталу bb.lv, Менск не задавальняла неабходнасць сустракацца са старшынёй Сейма, чальцом «Нацыянальнага аб’яднання» Інарай Мурніецэ, якая ўхваліла шэсце памяці легіянераў СС. Высоўвалася версія і аб тым, што паездка ў Латвію (і агулам у краіны Еўразвязу) можа раззлаваць Крэмль. У Менску падобныя версіі не каментавалі.

Затое за два гады чакання Рыгу паспеў наведаць Уладзімір Макей – у ліпені 2018 году ён сустрэўся там з прэм’ерам Марысам Кучынскісам і чальцамі Сейму, пабываў на шэрагу прадпрыемстваў. А раней, у снежні 2017-га, Кучынскіс быў у Менску, дзе атрымаў асабіста ад Лукашэнкі падзяку за тое, што ўлады Латвіі не крытыкуюць будаўніцтва БелАЭС.

Hавiны
Літва ці Латвія: каго шантажуе Лукашэнка?
2018.09.23 11:00

Балтыйскі трыкутнік

У адрозненне ад Літвы, рознагалоссі з якой не спыняюцца з моманту абвяшчэння Беларуссю намеру пабудаваць атамную станцыю ў Астраўцы, стасункі з Латвіяй складваліся ў значна лагаднейшым рэчышчы. Апошні дыпламатычны скандал паміж краінамі адбыўся ажно ў 2006 годзе, калі латвійскага дыпламата ў Менску абвінавацілі ў распаўсюдзе порна і выслалі. Але ўжо ў 2010-ым тагачасны прэм’ер Сяргей Сідорскі паехаў з афіцыйным візітам у Рыгу. Тады ж бакі падпісалі дамову аб малым памежным руху паміж краінамі.

У пытанні абароны правоў чалавека Латвія паводзіла сябе ўмерана. Традыцыйна заклікала вызваліць беларускіх палітвязняў і асудзіла прысуд Алесю Бяляцкаму, але гэты голас гучаў цішэй за літоўскі або польскі.

У плане эканомікі Літва – больш важны партнёр Беларусі і займае 8-ае месца па таваразвароце, але дачыненні з ёй апошнія гады ўскладняў палітычны аспект і канфлікт, звязаны з БелАЭС.

«Выхаду да мора ў нас няма, і калі Літва не вельмі хоча з намі супрацоўнічаць, то трэба рабіць упор на Латвію. Трэба зрабіць так, каб гэтая рэспубліка задавальненне атрымлівала ад супрацы з Беларуссю. Мы людзі прыстойныя, абавязковыя, яны гэта ведаюць. І калі яны пойдуць нам насустрач па многіх пытаннях, якія мы ім прапануем, яны будуць мець пэўны – і немалы – эфект », – казаў Лукашэнка летась у верасні.

Лукашэнка з Кучынскісам.
Фота: president.gov.by

Апошняе дзесяцігоддзе Менск актыўна развіваў эканамічныя сувязі з Рыгай: нарошчваў пастаўкі туды нафтапрадуктаў, лесаматэрыялаў, калійных угнаенняў. Пасля нязначнага спаду таваразвароту ў 2016 годзе (340 млн долараў), напрыканцы 2018-га гэты паказнік дабраўся да 582 млн.

Стратэгічнае значэнне для сябе Менск бачыць у латвійскіх партах (Вентспілс і інш.), выкарыстоўваючы іх як транзітны калідор для экспарту ў трэція краіны. Латвія ў такім транзіце вельмі зацікаўленая, а вось Масква летась выказала жаданне перанакіраваць экспарт беларускіх нафтапрадуктаў на расейскія парты.

«Транзітная» гісторыя дала пра сябе ведаць у 2011-2012 гадах, калі таваразварот раптам падскочыў у некалькі разоў, дасягнуўшы рэкорднага ўзроўню – 3,1 і 3,4 млрд долараў адпаведна. Сакрэт поспеху быў у рэзкім скачку экспарту, які быў дасягнуты дзякуючы шэрай схеме беларускіх уладаў, якія арганізавалі пастаўкі ў ЕЗ нафтапрадуктаў (натуральна, з расейскай сыравіны) пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў.

Hавiны
«Лукашэнка вызначыў: лепш за ўсё экспартуюць кантрабандысты», – інтэрв’ю з афіцэрам КДБ, які ўцёк у Стакгольм
2017.06.05 09:00

Гэтае «прыкрыццё» дазваляла істотна зменшыць мытныя выплаты. Калі ў Маскве даведаліся пра такі бізнес, аб’ёмы беларускага экспарту вымушана скараціліся.

Эксперт: «У Латвіі прагматычны падыход»

На думку палітычнага аналітыка Валера Карбалевіча, чакаць істотнай актывізацыі стасункаў на фоне візіту Лукашэнкі не варта.

«Разам з тым варта адзначыць, што ў Беларусі і Латвіі добры гандаль, значна лепшы, чым з іншымі постсавецкімі краінамі, якія Лукашэнка рэгулярна наведвае. Куды ён ездзіць – гандаль там не расце, куды не ездзіць – ён, наадварот, вялікі. Таму звязваць візіт наўпрост з ростам гандлёвых стасункаў я б не стаў», – кажа ён.

Валер Карбалевіч.
Фота: baj.by

Карбалевіч дадае, што Беларусь таксама зацікаўленая ў тым, каб Латвія набывала ў яе электраэнергію з БелАЭС у будучым.

«Калі ў ходзе візіту атрымаецца дамовіцца з лагістыкай, як пастаўляць гэтую электраэнергію – будзе добры вынік для Беларусі. Латвія не выказвае такой заклапочанасці ад будаўніцтва станцыі, як Літва, бо, па-першае, яна знаходзіцца далей, па-другое, можа атрымаць ад кепскіх беларуса-літоўскіх адносін нейкія дывідэнды ў тым сэнсе, што грузы будуць больш ісці праз латвійскія парты. Нармальная эгаістычная палітыка, такі сабе прагматычны падыход», – кажа ён.

«Што датычыць рэакцыі Расеі – не думаю, што там будуць надта хвалявацца. Калі б Лукашэнка паехаў у Брусель або Вашынгтон і яму там аказалі цёплы прыём – у Масквы была б нагода напружыцца. А Латвія маленькія і не настолькі ўплывовая краіна ў ЕЗ і NATO, таму гэта не павінна выклікаць занепакоенасці», – дадае Карбалевіч.

KA belsat.eu

 

Стужка навінаў