Еўрапейскіх крэдытаў для Лукашэнкі можа быць менш. Калі Брусель увядзе санкцыі?


Паседжанне з удзелам Ціханоўскай і прадстаўнікоў Каардынацыйнае рады, на якім выступіў таксама Павел Латушка, адбылося ў Бруселі ў панядзелак. Аднак міністры замежных справаў краін ЕЗ не зацвердзілі санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Адна дзяржава працягвае блакаваць гэтую пастанову. Калі лідары дзяржаваў Еўразвязу вернуцца да абмеркавання санкцыяў супраць людзей Лукашэнкі ды што можа паўплываць на пазіцыю Кіпру ў беларускім крызісе?

Найхутчэй увесці санкцыі ў дачыненні беларускіх чыноўнікаў і пасадзейнічаць Каардынацыйнай радзе – з гэткім заклікам Святлана Ціханоўская выступіла ў камітэце замежных справаў Еўрапарламенту, куды прыехала разам з чальцом прэзідыуму Каардынацыйнае рады Вольгай Кавальковай. Сваю прамову нацыянальная лідарка ілюстравала фотаздымкамі пратэстаў ды іх удзельнікаў, збітых сілавікамі.

Святлана Ціханоўская, нацыянальная лідарка Беларусі:

«Я прашу вас не фінансаваць дыктатарскага рэжыму і пераключаць праграмы з дзяржаўных на недзяржаўныя суб’екты. Таксама папрашу перагледзець партнёрскія дачыненні з дзяржаўнымі арганізацыямі, блізкімі да Аляксандра Лукашэнкі. І я звяртаюся да вас з просьбай працаваць разам у кірунку свабодных, справядлівых і празрыстых выбараў».

Спыніць падтрыманне дзяржаўных структураў на карысць грамадзянскай супольнасці. Гэткая прапанова да Еўразвязу ў дзеянні дазволіць падвысіць вагу Каардынацыйнае рады. Пакуль жа на перамовы з органам, што мае на мэце мірную перадачу ўлады, не ідуць ані Лукашэнка, ані Расея. Кроку насустрач ад ЕЗ чакаць варта: Еўрапарламент даў адзінагалосны сігнал Еўракамісіі, мяркуе Павел Латушка.

Павел Латушка, чалец прэзідыуму Каардынацыйнае рады:

«Вельмі важна, што адзінагалосна ён кажа пра нелегітымнасць сённяшніх уладаў, пра фальсіфікацыю выбараў, якія адбыліся 9 жніўня ў Беларусі. Важна, што даецца даволі моцны пасыл у дачыненні кіроўных уладаў пра тое, што не будуць прымальныя іх візіты ў ЕЗ, таксама важнымі ёсць сігналы, звязаныя з патэнцыйнай адказнасцю тых асобаў, якія здзяйсняюць крымінальныя злачынствы ў Беларусі».

Уносіць у санкцыйны спіс імёны дзяржаўных асобаў, датычных да фальсіфікацыяў і гвалту над удзельнікамі мірных пратэстаў, Еўразвяз пачаў ужо праз пяць дзён пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Аднак зацверджанне пастановы на паседжанні Камітэту замежных справаў у Еўрапарламенце чарговы раз заблакаваў Кіпр. Нікасія выступае не супраць Беларусі, а за паслядоўнасць: каб Еўразвяз найперш разгледзеў абмежаванні ў дачыненні Турцыі, якая вядзе выведку газавых радовішчаў у спрэчных водах Міжземнамор’я.

 

Жузэп Бурэль, вярхоўны прадстаўнік ЕЗ у вонкавай палітыцы:

«У нас была палітычная дыскусія, з якой, мяркую, вынікае, што ўсе згодныя з неабходнасцю ўвядзення санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Спадзяюся, што на наступным пасяджэнні Савету ў замежных справах гэта будзе магчыма. Я зраблю ўсё, што ў маіх сілах, для прыняцця санкцыяў Савету ў замежных справах у дачыненні да Беларусі. Гэта становіцца асабістым абавязаннем, я выразна разумею, што гэта шмат у чым залежыць ад даверу да Еўрапейскага Звязу».

Наведаць у шэрагу іншых краінаў Кіпр перад наступным Самітам кіраўнікоў дзяржаваў ЕЗ планаваў старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль. Візіт, з якім звязвалі чаканні наконт зняцця кіпрскага вета ў дачыненні Беларусі, у выніку адклалі. Палітык сышоў на каранцін праз кантакт з хворым на Ковід-19. Аднак нават у выпадку адсутнасці кансэнсусу ў Еўразвязе, санкцыі могуць уводзіць так, як гэта зрабілі краіны Балтыі.

ВІДЭА
ЗША не прызнаюць Лукашэнку. Калі будуць санкцыі?
2020.09.24 20:26

Андрэй Ягораў, старэйшы аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі:

«У гэтай сітуацыі тады асобныя краіны ЕЗ пачнуць прымаць свае санкцыйныя спісы. Спісы будуць прымацца на нацыянальным узроўні і, хутчэй за ўсё, наступнымі краінамі, якія пачнуць уводзіць санкцыі, будуць краіны Паўночнай Еўропы».

Больш істотна паўплываць на сітуацыю можа згортванне крэдытаў для афіцыйнага Менску ад Еўрапейскага інвестыцыйнага ды Еўрапейскага банкаў рэканструкцыі ды развіцця. Да гэтага Еўрапарламент раней заклікаў у сваёй рэзалюцыі. Апроч скарачэння фінансавага падтрымання Беларусь не зможа змяшчаць Еўрабонды. Істотна скароціцца прыток замежных інвестыцыяў. Дый не толькі.

Андрэй Ляховіч, незалежны палітычны аналітык:

«Гэта будзе вынікам – змяншэнне золатавалютных рэзерваў у Беларусі, магчыма дэвальвацыю, пагаршэнне сацыяльна-эканамічнай сітуацыі. Добра гэта ці кепска? Я б усё ж такі казаў, што гэта добра, бо калі б Лукашэнка цяпер атрымліваў гэтыя крэдыты, на што б ён гэтыя крэдыты выкарыстоўваў? Ён бы выкарыстоўваў гэтыя крэдыты для падвышэння аплаты працы «сілавікоў».

Падтрыманне Беларусі спатрэбіцца перадусім пасля сыходу Аляксандра Лукашэнкі. Апроч пакетаў дапамогі для пацярпелых ад рэпрэсіяў, што ўжо пачалі працаваць, і дзеля барацьбы з Ковід-19, Польшча, Літва ды Румынія запрапанавалі, каб Еўразвяз падтрымаў гэтак званы План Маршала для нашае краіны. Гаворка ідзе пра суму ад трох да пяці мільярдаў долараў для выхаду з крызісу.

«Умовамі трэцяга пакету можа быць толькі дыялог паміж беларускімі ўладамі, хоць бы нейкая форма кампрамісу паміж Каардынацыйным саветам – з аднаго боку, і беларускімі ўладамі – з іншага. Магчыма – прызначэнне часовага ўраду», – мяркуе Андрэй Ягораў.

Літва, Польшча і Румынія ў супольнай заяве таксама прапанавалі спрасціць гандаль Беларусі з ЕЗ, пасярэднічаць падчас перамоваў наконт уступлення ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, дапамагчы ў правядзенні эканамічных рэформаў ды ўвесці для беларусаў бязвізавы рэжым. Па сутнасці, гэта дамова пра асацыяцыю, якую ўжо падпісалі Грузія, Малдова ды Украіна. План дапамогі Беларусі абмяркуюць на Саміце кіраўнікоў дзяржаваў ЕЗ, што запланавалі на 1 і 2 кастрычніка. Тамсама і вернуцца да пытання візавых санкцыяў супраць беларускіх чыноўнікаў. Ёсць шанец, што да таго часу і Кіпр перадумае.

Юлія Лабанава для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: Claudio Bresciani / TT; Mateusz Wlodarczyk / Forum; Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Стужка навінаў